Юры Станкевіч - Паўночны вецер для спелых пладоў
Студэнт Піскун выцягнуў з кішэні партманет і адлічыў грошы.
— Ну, Фёдар, быць табе дэканам, — вяла, але з цеплынёй пажартаваў Ігнат Мазур. — Бывай.
***
Узвод быў на палігоне. У капцёрцы Ігнат Мазур забраў у старшыны роты, які не змаўкаючы бэсціў яго, сваю форму і хутка пераапрануўся, і пасля роздуму пабег на палігон.
— Але ж ты і трапіў! — толькі і сказаў яму наўздагон раззлаваны, што яго патурбавалі, старшына.
Яго нечаканае з’яўленне аднакурснікі з узвода сустрэлі воклікамі: адны проста здзіўленымі, а іншыя зласлівымі — з-за яго адсутнасці ўзвод няслаба паганялі на занятках.
Узводны — лейтэнат Андрэй Дзямідчык — адвёў яго ўбок.
— Што здарылася, Ігнат?
— Забралі ў міліцыю. Адседзеў трое сутак.
— Ты спазніўся на суткі. Ведаеш, што табе пагражае?
— Ды гатовы я на любое пакаранне. Мне, таварыш лейтэнант, скажу шчыра — ўсё роўна. Як будзе — так і будзе.
Узводны Андрэй Дзямідчык падумаў некалькі секунд. Урэшце, відаць па ўсім, рашэнне прыняў раней, сказаў:
— Табе пакуль шанцуе. Ротнага Угарава часова адклікалі і яго няма ўжо трэці дзень. Цябе будзе прасаваць нампаліт, падпалкоўнік Марчанка, а начальніку збораў, загадчыку кафедры не дакладвалі. Мяркую, разбяромся самі, але будзь гатовы. Скажу яшчэ па сакрэце і паміж намі: Марчанку вось-вось у запас, на пенсію, і яму праблемы не патрэбныя. Павінішся як след, прыдумай што-небудзь, і можа ўсё і абыдзецца. Ну, а я табе, ужо прабач, — па максімуму.
І ўзводны Дзямідчык аддаў каманду строіцца, а пасля чаго аб’явіў Ігнату Мазуру пазачарговыя нарады на кухню і ў каравул.
Ноччу ў палатцы адчувальна прыціскаў холад. Але нават у холадзе спаць Ігнату Мазуру не далі. Сяржант з суседняй роты падняў на ногі, каб ісці ў нарад на кухню. Мазур заснуў на гадзіну толькі пад раніцу. Сон быў неглыбокі, не надаў сіл, прыснілася чамусьці выкладчыца Спіркіна, яна ж «Агеньчык», якая пагражала не прыняць іспыт. А потым нібы пачала спакушаць яго: села на калені і прыціснулася губамі да яго шыі, стала цалаваць, але тут ён прачнуўся, — Міхась Байкоў далікатна кранаў яго: «Пад’ём, Ігнат! На зарадку!»
Бегчы з кіламетр, а потым махаць рукамі і прысядаць у яго не было ні сіл, ні жадання, і студэнт Ігнат Мазур застаўся ў палатцы. Пасля сняданку ў сталоўцы, куды хадзілі строем усёй ротай, яму загадалі з’явіцца да падпалкоўніка Марчанкі.
Нампаліт Марчанка — мажны, марудны ў рухах, акуратна пастрыжаны і паголены, не ўшчуваў яго, не пагражаў і нічога не пытаў.
— Збяром на днях камсамольскі сход роты, — сказаў ён, — няхай ён вырашыць, якія меры да вас прыняць. Вы ўсё-такі павінны разумець, што цяпер знаходзіцеся ў войску, а тут галоўнае — дысцыпліна.
***
Праз суткі ў лагер вярнуўся маёр Угараў. Нешта, пэўна, не склалася ў яго ці то дома, ці яшчэ дзе — хадзіла нават чутка, што ён спрабаваў паступіць у вайсковую акадэмію, але, пэўна, гэта дрэва яму зваліць было не па сіле, і ён з нейкім нездаровым імпэтам зноў прыняўся за службу.
Яму ўжо данеслі, што мотастралок другой роты Ігнат Мазур адсутнічаў у часці больш за трое сутак і, можна было толькі здагадвацца пра тое, хто на гэты раз быў інфарматарам ротнага Угарава.
Рашэнне падпалкоўніка Марчанкі правесці камсамольскі сход роты, на якім і вырашыць лёс Ігната Мазура, яму, Угараву, не падабалася сваёй неакрэсленасцю і здавалася залішне мяккім: вынік таго будучага сходу можна было прадказаць адразу — паўшчуваюць, на тым і скончыцца. Справа паступова блізілася да арышту і гаўпвахты, але студэнт Ігнат Мазур нібы нічога не заўважаў.
На нейкі час увагу ротнага адцягнуў на сябе Міхась Байкоў, які на стрэльбішчы па сваёй звыклай бесталковасці павярнуў да таго заражаны аўтамат, вядома, ненаўмысна, але гэтага хапіла, каб маёр пачаў штодня выхоўваць Байкова, а заадно і ўзводнага Андрэя Дзямідчыка. Пра выпадак з гранатай па-ранейшаму ніхто не ведаў, а Міхась Байкоў, вядома, маўчаў. Ён усё болей хінуўся да Ігната Мазура, стараўся дагадзіць таму ў дробязях, а неяк нават папрасіў парады, хоць сам быў старэйшы за таго на цэлы год. «Я пасля вайны малы быў, — тлумачыў ён суразмоўцу, — тады хоць і не такі, як у трыццатыя, а усё роўна голад душыў. Бацькі галадалі, і мы — дзеці таксама. Памятаю гнілым дзікім грушам радаваліся. Па вёсках шмат жабракоў хадзіла. Хлеба прасілі, а дзе таго хлеба возьмеш?.. Я да таго вяду, — працягваў Міхась Байкоў, — што таму такі і затарможаны, бо ў галечы рос. Гэта зараз магу з вёскі і сала шматок прывезці. Ты ўжо не крыўдуй за гранату. Чорт ведае, што тады адбылося. Але ты, Ігнат, мне цяпер, вынікае, нібы старэйшы брат».
«Я і з дзяўчатамі такі затарможаны, — гаварыў далей Міхась Байкоў, — там у мяне на вёсцы жанчына ёсць. Настаўніца малодшых класаў з нашай школкі, калісьці педвучылішча скончыла. Яшчэ да сваёй вучобы я з ёй пачаў сустракацца, а цяпер яна мне і лісты дасылае і прыязджала ў Мінск. Але мне сказалі, што яна... Словам, не ад мяне... Але пазбавілася... Цяпер па размеркаванні я, як мінімум, у раёнцы апынуся, дый месца там ужо для мяне знайшлося. Дык я хачу ў цябе, Ігнат, спытаць: што мне рабіць? Вядома, яна хоча, каб я забраў яе ў наш гарадскі пасёлак, там разам і асталявацца. А мне як з яе мінулым быць? На плячах усё жыццё насіць?»
Міхась Байкоў урэшце спыніўся і глядзеў на яго даверліва — чакаў адказу.
— Ты выкладчыка Пятра Мацкевіча памятаеш? — праз паўзу спытаў яго Ігнат Мазур.
— Анягож. Я яму, а не Г авіну, палітэканомію даздаваў. Дык ён па білеце і пытацца не стаў. Ты, кажа, да ўніверсітэта дзе працаваў? У калгасе, гавару. Ён мне адразу «выдатна» паставіў. Сказаў толькі, каб асабліва не хваліўся нікому.
— Дык вось, — працягваў Ігнат Мазур, — ён мне днямі сустрэўся. І не то сваё, не то чужое працытаваў. Я запомніў.
— А што, цікава?
— А тое, што над жыццём няма суддзі.
Паўза.
— Дык як гэта разумець? — спытаў Міхась Байкоў.
— Як хочаш, — паціснуў той плячыма.
Усё часцей Ігнат Мазур упадаў у стан своеасаблівага нервовага збою, — не дапамагала ні бесперапыннае паленне цыгарэт, ні алкаголь, ні паслужлівасць Міхася Байкова, які то частаваў яго кавалкам сала, то прыносіў гарачай гарбаты з кухні. Туга з такой сілай навальвалася на яго, што раз-пораз хацелася аднаго — захапіць з сабой аўтамат, ражок з патронамі і схавацца ў лес, дзе проста ляжаць на якой палянцы пад познім, амаль восеньскім сонцам да таго часу, пакуль не наступіць цемра, а потым... спусціць курок...
Кадравы афіцэр лейтэнант Андрэй Дзямідчык бачыў, што з ім нешта не тое. Аднойчы, рызыкуючы сваім службовым становішчам, ён даў яму адпачыць: быццам забраў з сабой на выкананне нарада, а на самай справе даў яму шынель і паказаў на тапчан у дальняй капцёрцы: паспі. Мазур здолеў правесці некалькі гадзін у адзіноце: проста драмаў ці ляжаў у цішыні і ні пра што не думаў.
Але не думаць аб адным — тым, што найбольш непакоіла яго, — не выпадала. Урэшце ён прыйшоў да высновы: альбо дацерпціць да канца збораў і адразу паездзе ў Талін, альбо, калі гэта будзе немагчыма па нейкіх прычынах — скончыць з усім у чарговым каравуле.
Толькі вось непакоіла думка, што нядобра будзе так сур’ёзна падстаўляць узводнага. Лейтэнант Андрэй Дзямідчык чымсьці яму падабаўся, хоць, як ён са спагадай разумеў, той наўрад ці здолее неяк прасунуцца па службовай лесвіцы.
Так прайшлі некалькі дзён. Пра сход роты, на якім было вырашана абмяркоўваць лёс Ігната Мазура, чамусьці пакуль не ўспаміналі. У вайсковых часцях спешна пачалі рыхтавацца да манеўраў пад кодавай назвай «Беразіна», загадалі таксама падключыць да тых манеўраў і студэнтаў, якія праходзілі зборы.
...Неяк узводны лейтэнант Дзямідчык, бачачы, што Ігнат Мазур нібы сам не свой, сказаў ротнаму Угараву, што хоча пакараць парушальніка дысцыпліны і скіраваць таго скасіць на палігоне траву. Ротны даў дазвол. Узводны ж, як адышліся з пляца, дастаў з кішэні ключ і працягнуў Ігнату.
— Гэта ад майго пакойчыка ў нашым інтэрнаце для афіцэраў, — сказаў ён. — Знойдзеш. Табе ўсё ж варта добра адпачыць. Бачу, што ты на мяжы. А я ад’едуся на дзень у вёску да сваіх бацькоў. Тут недалёка. Так што давай, студэнт.
Імжыла. Паўночны вецер павольна гнаў па небе сіне-шэрыя хмары. Чарада падужэлых маладых шпакоў вялізным чорным ценем прашамацела крыламі над яго галавой і знікла. Птушкі рыхтаваліся ў вырай.
Студэнт Ігнат Мазур расціснуў далонь. Ключ з біркай — нумар пакойчыка, дзе часова пражываў узводны, быў цяпер яму як нейкі талісман, знакам дабра і ўдачы.
Ён рушыў далей, але ўжо праз некалькі крокаў яго пераняў пасыльны з кантрольна-прапускного пункта, радавы тэрміновай службы.
— Ты з другой роты? — спытаў ён.
— З другой.
— А Мазура ведаеш?
— Гэта быццам я, — сказаў Ігнат Мазур.
— А, ну дык да цябе дзяўчына прыехала. У адведкі, кажа. Ідзі, забірай.
Студэнт Ігнат Мазур спыніўся. Тое, што да іншых з іх прыязджалі сваякі, бацькі альбо дзяўчаты, не было дзіўным. Такое дазвалялася. Ён жа нікога не чакаў.