KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Разная литература » Прочее » Уладзімір Караткевіч - ....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў

Уладзімір Караткевіч - ....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Уладзімір Караткевіч, "....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Між тым у Бембеля строгасць і веліч. А прахвосты яму ножку ставяць: “Сорак сантыметраў святой зямлі зняць трэба! Там, можа, астанкі забітых!”

Ах, свалота. Астанкі перанесці і не кідаць безыменнымі пад цэглай. А помнік – над імі.

І потым, як быць з Малахавым курганам? Як з тым, што заўсёды пры спарудах зямлю зносяць?

Як, урэшце, што па гэтай святой зямлі быдла столькі год хадзіла, смецце скідалі, што дагэтуль ляжаць там бочкі з-пад саляркі, што шнары Холмскай брамы затынкавалі?

Цяпер пра святую зямлю, а тады?

Ну, добра. Вярнуліся 19-га, працаваў з Галіевым, зрабіў яшчэ адну справу, якую зарэзалі (на дакументальнай студыі прасілі напісаць новы тэкст).

27-га быў з Толем, Мілай і Адамам у мастацкім музеі, паказваў ім розныя рэчы.

А на Вялікдзень, напярэдадні, 9-га, паехаў з Рыгорам і Валяй ва Ушачы. Зноў лясы, рэкі, азёры. Хораша! Адбіваюцца ў Лепельскім возеры агні.

І там, як заўсёды, здорава. З Рыгорам адносіны наладзіліся даўно і цудоўна. Проста разумець трэба: нервы тады яго падводзілі. Харошы сябра, вясёлы.

10-га хадзілі на Ваўчэнскае возера пасля святочнага абеду. Бульбу пяклі, бражку пілі, глядзелі на захад і на вогнішча. Дзень цудоўны быў: сонечны, праз туман, нібы праз усмешку. Пеўні, жаночыя галасы, цішыня.

На другі дзень пайшлі цераз рачулку тую, Задобрыцу, у Задаброцце. І зноў шум вады, сосны з бярозамі ў небе, размовы. А вечарам песні жанчын, што гасціць да гаспадыні прыйшлі. І напаўзабытыя валачобныя.

12-га выехалі ў Мінск. Прыехаў у пустую хату, бо маці выехала ў Чалябінск: Наташа [54] прасіла пабыць у хаце, пакуль яна з Ванем на курорце.

Астатнія два дні мінулі ў беганіне, у справах. Толькі што 14-га былі ў мяне Рыгор з Васем Зуёнкам. Трохі ўзялі, вершы чыталі. Вельмі-вельмі харошы чалавек гэты Васіль. І вершы мае любіць кранальна, як, дарэчы, і я ягоныя.

І вось учора выехаў. Праводзілі Рыгор і Жэня Шабан [55], якому даў ключ ад кватэры, хай пакуль тое пажыве, хлапец ён акуратны, дый у хаце ўсё дагледзіць.

А дзень быў сонечны. А тут ужо чорная парэчка, як зялёныя хмары, кветкавыя пупышкі на грушах і на ўэльсе. А Дняпро – ледзь не да гарызонту, хаця вада з паплавоў спадае ваўсю.

Сёння адпачываў. Прачытаў прывезеныя газеты за два месяцы, выкачаў трохі ручной помпай вады з пограба, напісаў тры лісты, ды зрабіў вось гэты запіс, ды раніцай у горад на гадзінку схадзіў (канверты купіў і “Мурашак” Халіфмана) і рэчы на абодвух сталах упарадкаваў. І вось ноч.


19 красавіка. Аўторак

Уначы пасля таго дня адзін з самых страшных сноў у маім жыцці. Бадай, самы страшны пасля таго, аршанскага. Нібыта мы бяжым з Янкам Брылём ад нейкай страшнай небяспекі. Неба ўсё чорнае, нізкае, і ўрыўкі хмар нам насустрач (як тады, на Улісе). Але ўцякаем мы не таму, што небяспека для нас. Яна для ўсіх, і мы ад яе бяжым і дзеля таго, каб папярэдзіць людзей, якія сядзяць у нейкім змрочным будынку, падобным адначасова і на палац, і на замак. Там – група людзей, і сярод іх жанчына, якая мне тое, што называецца “даражэй за ўсё”. Бяжым. Бачу сябе і яго – з боку. Ведаю: уцячэм, папярэдзім, усе схаваюцца ў падпол – і, можа, выжывуць. А над гарызонтам, паступова-паступова, яшчэ чарнейшыя, чым неба, вырастаюць вяршыні хмар, падобныя на шапкі атамных грыбоў.

Дабеглі. Кідаюся туды-сюды – няма. І раптам крык, і якраз у той момант, калі пікі хмар выраслі на палову неба – усе на нас. Нехта пабег ад замка ўніз, па схіле, па партэрах, толькі не зялёных і чатырохкутных, а нібы паловы выцягнутых авалаў закругленымі часткамі ўніз, адзін на адзін, як луска. Фіялетавага колеру яны, ад водсветаў з неба.

Не ведаю, яна ці не, але ратаваць усё адно трэба. Бягу за ёю, задыхаючыся, бо вось-вось канец свету. Нябесная праява абагнала нас, загінаецца перад намі ўніз, як акіянскі вал. Я ўсё больш упэўнены, што бяжыць – яна. Наздагнаў, схапіў, цягну назад бягом, але адчуваю: нават калі падымемся на верхнюю пляцоўку замка, дзе балюстрада, – не паспею. А спуск пад зямлю – адтуль.

І вось падымаемся… І тут расселася рваным палотнішчам неба, і адтуль, пункцірамі, чорнае ў зямлю. А пасля, як чорныя сляды трасірных куль, як чорныя падучыя зоркі, і цэнтр, адкуль яны лятуць, – проста перад намі, нібы глядзіць на нас. Устае нешта такое, чаму няма імя, апакаліптычнае. І нібыта коннікі і языкі, а мы бачым чорныя сляды і ведаем, што тых слядоў, якія цягнуцца да нас, мы не ўбачым. Нешта кідае нас у змрок. Прачынаюся. Вакол – хаос. Дзівам уцалеў наш будынак, амаль знішчаны. Выносяць на руках з падзямелля яе, твар рассечаны глыбокім шнарам, але скура такая, як і на ўсім абліччы. Проста нібы ўпадзіна. Глядзіць на мяне, усміхаецца, і я ведаю, што гэта яна, але аблічча – чужое. Гэта, што адбылося, менавіта так дзейнічае на тых, хто застаўся жывы, мяняе іх. І нават не чужое аблічча, проста знаёмы твар іншага чалавека. Прачнуўся.

Працаваў увесь нядзельны дзень. Пасля прыйшоў дзед Гансоўскі, падвязвалі лозы і хадзілі ў лес за пераезд.

18-га таксама праца, грады, угнойвалі дрэвы. Учора, 19-га, скончыў скарачаць “Хрыста”. Мала скараціў, давядзецца яшчэ папрацаваць над гэтым у Мінску, з Навумам. Такая бяда. Схадзіў і адправіў рукапісы, кнігі ўзяў у бібліятэцы. Брыдкі быў, шэры дзень.

Думаў усё над сном, які ўсё паставіў на месца. Адразу, як прачнуўся тады, зразумеў, што гэта і ёсць пачатак “Чазеніі”. Доўгашуканы, той, які так доўга не даваўся ў рукі. Калі гэта напісаць, як трэба, гэта дасць настрой часу і стан душы героя, а потым досыць будзе даць пару намёкаў наконт ягонай прафесіі – і ўсё будзе, як на далоні, можна будзе разгортваць характар. І ўзрадаваўся, што не пачаў рэч раней, не сапсуў. Як добра! Запэўніўся, не трэба спяшацца пачынаць, калі не даецца. Счакай, мозг сам будзе думаць у садзе, падчас хады, на рацэ, у сне – і ўсё тады ты атрымаеш дарма.

Столькі думаў пра гэта, што і наступнай ноччу ўбачыў той самы чужы, але свой твар. Ну, гэта быў сон-глупства, бадай што толькі для мяне, як для характару, сімптаматычны.

Сёння, 20-га, устаў рана, нечувана свежы і здаровы. Сонца ў лёгкіх ценях, цеплыня, пупышкі сталі вялікія. Нясецца кумканне жаб ці то з Дняпра, ці то ад нізіннага, залітага вадою гарода непадалёк. Схадзіў у горад, пастрыгся і, заадно, пагаліўся, схадзіў у РДК наконт нарыса аб народным тэатры і сустрэў там такі бардак, што не прапясочыць іх – гэта ўжо дудкі. Па дарозе назад абдумаў ідэю “Чурлёніса”. Прыйшоў дахаты, капаў канаўкі для падкормкі вінаграду. Шмат зрабіў. Скончу вось запіс і, можа, гной насіць буду, а тое пачытаю на сонцы, калі дасць зрабіць гэта мярзотнік, тоўстая качулка, мардан Дзік, Альмін сын, бацькі ж імя – ты, Пане Божа, вясі. Больш сімпатычнай тварыны нельга знайсці на свеце. І больш надаеднай. На ўсіх чаравіках у доме заблытаў шнуркі, нарабіў марскіх вузлоў.

І яшчэ думка. Скончыць трэба таксама сном. Але светлым. Чалавек вылечыўся.


30 красавіка. Субота

Усе дні шалёна працаваў. У адзін толькі дзень быў у лесе, на рагачоўскіх “валатоўках”, дзе новыя акопы разрылі старыя курганы і выкінулі косці. Многа хадзіў, думаў.

І яшчэ адзін раз пайшоў лавіць рыбу. Ведаў, што не спаймаю: рака яшчэ не ўвайшла ў трубу. Нават не клюнула ані разу. Сядзеў на курганах у Рыжковіцы пасля, пісаў. Неба было шэра-жамчужнае ад аблокаў.

Учора скончыў “Хрыста”. Сёння паліваў гарод. Пасля Кірэйшыны прыйшлі, гаварыў з імі.


6 мая. Пятніца

Зноў некалькі дзён не запісваў. Стаміўся страшэнна. 1-га рана ўстаў, прыбраў усё з гасцінай, пайшоў на дэманстрацыю глядзець, як Сяргей трубіць у аркестры.

Мілае правінцыяльнае свята. Калоны на плошчы, сцягі, марожанае, нудная прамова. А над усім лёгкі налёт зелені. Рана пайшоў адтуль дамоў. Дапамог Галі. Госці прыйшлі. Было весела і светла на душы ад добрай суседкі, ласкавай, не зусім маладой жанчыны.

Прыйшлі яны і на другі дзень. Але сказалася стома. Больш сядзелі, гаварылі і жартавалі, чым скакалі. А 1-га падэшвы адбіў і яшчэ праводзіў цёплым месячным вечарам. Вечарам другога, праводзіўшы іх, чытаў.

3-га зноў навёў парадак у гасцінай і толькі сеў за вершы – прыйшоў Эдзік Курачкін [56]. Гаварылі аб Маскве, аб становішчы ў мастацтве, аб левых. Бял. [57] такую незайздросную ролю грае, што страціў у большасці свой аўтарытэт, і ягоных жа вучняў даводзіцца перавучваць. Сорам увогуле. Паехалі на вакзал піць піва пад салоную рыбу і паступова адыходзіць. Адам кажа ў такіх выпадках: “Каб наступіла прасвятленне, беларускі варыянт катарсісу”. Прасвятленне гэтае скончылася тым, што паехалі адтуль купіць мне фотапаперы ды напалі на сяброў ягонага брата, ды ўзялі дзве бутэлькі, ды я сваю з дома прыхапіў, ды агурочкі, ды паляндвіцу. Ну і выпівалі ў іх у садзе ды скакалі “Лявоніху” пад яблынямі.

Вечна на гэтага чорта, беларуса, супыну няма. Пасля паехалі, пасадзілі Эдзіка ў маскоўскі аўтобус, і я вярнуўся дадому.

4-га ўстаў рана, выбіў з сябе ўсё халодным душам і сеў пісаць. Напісаў пачаты напярэдадні “Як сканаю – душа застанецца”. Пісаў трохі лісты. Вечарам доўга сядзеў у садзе. Чырвоны месяц і белыя прывіды дрэў. І паўсюль туман, і жабы дзьмуць у пустыя бутэлькі, даюць, падобна Рыгору, сігнал да адпраўлення. І гэтыя начныя сады.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*