KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Разная литература » Прочее » Аляксей Кулакоўскі - Дабрасельцы

Аляксей Кулакоўскі - Дабрасельцы

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Аляксей Кулакоўскі, "Дабрасельцы" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

«А можа, — раптам падумалася яму, — адмовіцца ад усяго гэтага, сціснуць душу ў кулаку ды пайсці дадому? Там усё-такі жонка, ужо каторы дзень нездаровая ды вельмі задумлівая. Сядзіць, нічога не гаворыць, нават не крычыць, не злуецца, а толькі ўсё нешта распорвае ды сшывае нанава. Яшчэ не так скора быць ёй маткай, а ўжо, мабыць, рыхтуецца...»

Паімкнуўся старшыня нават ступіць у бок свайго двара, ды ўсё ж такі не хапіла ў яго рашучасці. Пастаяўшы яшчэ з хвіліну, ён квола павярнуўся, наставіў скураны каўнер і пакрочыў услед за Ціхонем.

11

Даша зайшла ў хату якраз на пачатак размовы. Андрэіха стала расказваць Івану пра начную трывогу, скардзілася, што ўсю гэтую ноч не спала, аднак жа сутнасць справы старанна абыходзіла, нібы сама пра яе нічога не ведала. Даша адразу ўлавіла гэтую нотку суседкі.

— Хіба вы баіцеся Івана? — здзіўлена спытала яна.

— Чаго мне баяцца,— сказала на гэта Андрэіха.— Свой жа ён. От кажу, што не спала ўсю ноч, напалохалася, бо нехта ў хлеў лазіў. А хто — чорт яго мацеру ведае.

— Сказала ж я вам яшчэ ўчора, хто лазіў і чаму.

— А я не вельмі прыслухалася, сказаць па-праўдзе.

— Няўжо вы i гэтым нічога не сказалі? — Даша зняважліва паказала рукой на тое акно, што выходзіла на вуліцу.

— А што мне было ім гаварыць? Мокрут пра самагонку пытаўся.

Тады Даша пачала расказваць Івану ўсё па-парадку, а гаспадыня толькі моршчылася, слухаючы.

— Аж страшна робіцца, — сказаў Іван, — каб не ад цябе чуў, то не паверыў бы. Як жа гэта вы, цётка Настуля. Га? Чаму вы змоўчалі перад Мокрутам, не сказалі нават пра яго віну? Спужаліся крыкаў?

— А то і спужалася! — рэзка прамовіла Андрэіха. — Думаеш, не? Спужаецца на маім месцы кожны, бо вы яшчэ не ведаеце, чаго можа нарабіць гэты чалавек. — Яна падышла бліжэй да Дашы. — Табе мо таксама не трэба было б з ім лішне чапацца. Твой бацька не мала перажыў. I пэўна з-за яго.

— Што ні было i што ні будзе, — рашуча сказала дзяўчына i тужэй зацягнула на сабе шалік, — а я не спалохаюся Мокрута! I нікога не спалохаюся! Калі бачу якую несправядлівасць, дык у мяне кіпець у сэрцы пачынае, і нішто тады не страшна. ·

— Бо ты яшчэ маладая, — змрочна глянуўшы на дзяўчыну, сказала Андрэіха. — А мне як жа?.. От кажа чалавек — «матэрыялы». А чорт яго бацьку ведае, што там у яго за матэрыялы! Можа зноў што...

— Ды ніякіх матэрыялаў!— упэўнена заявіў Іван. — Гэта ў яго ўжо хвароба нейкая — палохаць людзей. Ён і ў сельсавеце так. А глянеш потым, праверыш, дык нічога і няма.

— Зло чалавеку зрабіць не цяжка, — адстойвала сваё гаспадыня.— Калі ў яго толькі кепскае на вуме, то лепш сыйсці такому з дарогі, лепш пераступіць. Няхай ідзе ліхое, пакуль само дзе не ўваліцца ў якую яму, не згіне.

— Заткла п’яны быў уваліўся ў Кадрылішын калодзеж, — смеючыся, сказала Даша. — Аднак жа, што з гэтага? Прачухаўся там, вылез ды адразу зноў напіўся. Не, цётка Настуля, калі ўсякаму ліху ўступаць дарогу, палохацца яго, то ўсё жыццё можа прапасці. Тады сумленнаму чалавеку хоць i не радзіся.

— Хто яго ведае, як яно... — уздыхнуўшы, заўважыла гаспадыня. — Вось мой Андрэй, нябожчык, не ўступаў; гэтак жа, як i ты цяпер, не любіў усялякай няпраўды, калаціўся ад яе. А траха не памёр потым ад гэтага. А Заткла, як ты ўпамянула, век праўдай не жыў, але нічога, відаць, ён не шкадуе, што такім нарадзіўся. Людзі ў вайну гаравалі, мучыліся, а ён і тады пасвістваў, ходзячы па вуліцы.

— Цяпер таго ўжо не будзе, — задумліва прамовіў Іван, а Даша, падтрымаўшы яго, пачала даводзіць гаспадыні, што добрых, харошых людзей больш, i таму добрае і харошае ў жыцці бярэ верх.

— Вось i нябожчык дзядзька, — узрушана працягвала дзяўчына. — Калі б не добрыя людзі, то наўрад ці вылез бы ён з бяды.

— А праз каго? Праз каго мы так пагаравалі. Ведаеце? — Андрэіха ўзмахнула рукамі, голас яе задрыжаў. — Маўчала я, але калі ўжо так сёння зайшла гаворка, то скажу вам абаім. Мокрут падаў хлусню на Андрэя, мы яшчэ тады пра гэта ведалi!

Цётка Настуля яшчэ доўга расказвала пра ўсе падрабязнасці таго жудаснага выпадку, а Даша з Іванам у вялікім здзіўленні слухалі i ўжо больш не перабівалі яе, не спрачаліся. Гэта, канешне, не азначала, што яны згадзіліся з думкай Андрэіхі аб непатрэбным асцератанні ў жыцці. Згаджацца тут не было чаго. Яны проста ад здзіўлення і нечаканасці маўчалі, ды ад сардэчнага спачування жанчыне, якая перажыла гэтулькі пакут. Потым Даша глыбока задумалася i падышла да акна. Дзяўчына стаяла нерухома, прытуліўшыся скроняй да шалёўкі, i хлопцу ўявілася, што яна цяпер успамінае сваё далёкае мінулае, наколькі яна яго памятае па даўніх расказах людзей: колішнія пакуты бацькі, смерць матулі ў часе фашысцкай блакады. Пра смерць Дашынай маці Іван адразу мог падумаць, бо гэта адбывалася на яго вачах i пры яго асабістым цяжкім горы. У той жа самы час i на тым жа самым балотным астраўку пахавалі тады i яго матулю. На шчасце, Андрэіха тады неяк вытрымала, засталася ў жывых. Яна i дапамагла Мітрафану ўратаваць сваіх меншых дзяцей: Дашу і Цімашка.

Ці мала аб чым можна цяпер падумаць, ці мала што можа вострым болем апячы дзявочую душу? Мокрут — амаль што сусед, толькі праз двор жыве. Увесь час адносіўся да яе з павагай, i нават бацька нічога асабліва кепскага не гаварыў пра яго. Магла Даша меркаваць, адчуваць душою, што Лявону па натуры выпіць, накрычаць на каго-небудзь, пусціць на чалавека мянушку, злосны анекдот, а пра такое, аб чым яна сёння пачула ад Андрэіхі, нават i не снілася ніколі.

Затым, вось яшчэ Васіль. Можа яму i выжыць цяжка будзе, а як тут даказаць чыстую праўду, каб выратаваць чалавека ад пакутаў i ганьбы? Калі Мокрут такі, то ён абавязкова пастараецца выгарадзіць сябе. А хто такі Васіль для Дашы?..

Іван заўважыў, што на дзявочыя рукі, складзеныя адна на адну на падаконніку, упала слязіна. Заўважыў, як здрыганулася Даша, адчуўшы на пальцах гэтую слязу, і падаўся да дзвярэй. Ён падумаў, што яму лепш пайсці адсюль, а суседкі няхай душа у душу пагавораць між сабою, няхай нават выплачуцца, калі ад гэтага ім стане лягчэй. Аднак Даша адразу спыніла яго:

— Пачакай, Іван, пойдзем разам! Пойдзем да Ільі Савіча, раскажам яму ўсё, усё!

— Пойдзем, — згадзіўся Іван. — Толькі я загляну яшчэ ў свой двор, там трэба мне паглядзець сёе-тое.

Ідучы ў двор i нават ужо ходзячы па двары, Іван усё не мог адагнаць ад сябе цяжкія думкі пра Мокрута, пра чалавека, з якім некалькі год працаваў, якога быццам бы і ведаў, і нібыта зусім не ведаў. Успомніўся выпадак з мінулай восені. Ехаў аднаго разу Мокрут з раёна, Іван быў у яго за фурмана. Дарога размокла, конь ледзьве плёўся па гразі. Даехалі да мастка i тут уваліліся зусім: вядома, якія на тэрыторыі Чырвонамакаўскага сельсавета маеты. Мокрут загадаў выпрагчы каня, сеў верхам і паехаў у вёску збіраць на дапамогу людзей, а Іван застаўся сцерагчы драбінкі i вупраж. Час хіліўся ўжо к вечару. Вёска была не так блізка ад дарогі, аднак Іван разлічваў, што калі старшыня адразу знойдзе людзей, то да добрага змяркання можна будзе вылезці з канавы. Але ж праходзіла гадзіна, другая, а старшыні ўсё не было. Хлопца і прабіраць ужо стала: з нялеснага боку падуваў вільготны вецер і пранізваў асенняе палітцо, падстуджваў калені. Добра, што салома ў драбінках была. Іван залез у драбінкі, ўрыўся, як мог, у салому і стаў чакаць далей. Ужо зусім сцямнела, цішыня запанавала на дарозе, толькі зрэдку даносіўся тужлівы шум недалёкага лесу ды вада маркотна булькала пад калёсамі. Трохі ўгрэўшыся, хлапец пачау злёгку падрэмваць, а потым і добра задрамаў, бо калі пачуў голас чалавека, то здрыгануўся ад спалоху.

— Хто тут? — пытаў чалавек.

— Я, — паспешна адказаў Іван.

— Хто ж гэта «я»?

— А-а, гэта вы, Павел Паўлавіч?

— Ну, вось і пазнаў. А ты быццам бы Дабрасельскі, так?

— Так, Павел Паўлавіч, ён самы.

— Бачу, быццам бы, драбінкі Мокрутавы, але ж ў цемнаце чорт яго разбярэ. А дзе ж Мокрут?

— Паехаў верхам у вёску, — адказаў Іван, прыўзняўшыся на локцях, — абяцаў людзей прывясці, ды вось няма.

— Даўно паехаў?

— Яшчэ да захаду, гадзін з чатыры ўжо.

— То няма чаго і спадзявацца, — упэўнена сказаў Павел Паўлавіч, — не прыедзе ўжо да відна. У цябе там ёсць што-небудзь пад бокам?

— Салома, — адказаў Іван i, бачачы, што інструктар падбіраецца да драбінак, адсунуўся на самы край і выграб з-пад сябе большую частку падсцілкі.

— I мне ўжо ісці далей не надта пад сілу, — гаварыў Павел Паўлавіч, трымаючыся на хаду за аглоблю, якая тырчала з канавы, нібы зенітка. — Ногі ўжо не тыя. Бывала, хадзіў, і ездзіць, праўда, даводзілася, а цяпер — не тое. — Ён паслізнуўея ў гразі і ледзь не з’ехаў у канаву; цяжка засоп пасля гэтага і закрактаў. Іван устаў, каб дапамагчы яму.

Улезшы ў драбінкі, інструктар зняў з сябе шырокі брызентавы дажджавік, уладкаваўся ў саломе і задаволена ўздыхнуў.

— Хочаш, і цябе дажджавіком накрыю, — прапанаваў ён Івану, — ды аддыхнем да відна, а там прыдумаем што-небудзь. Не прыдзе Мокрут, дык і чорт яго бяры, самі дамо рады з павозкай, гэта ж не грузавік. Я ўжо цябе не пакіну тут аднаго. Што там у нагах цвёрдае?

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*