Макс Шчур - Упырхлікі
7.
Падзяляй і ўладар.
Нехта славуты
Пры канцы верасьня, адразу ж пасьля таго, як сквотэры папрасілі Габруся ўрэшце вызваліць Дашына месца для дэлегацыі сваіх аргентынскіх калегаў, мой шчасьлівы супернік зноў пачаў прасіцца ў нашую былую каморку. Пры гэтым ён кленчыў, біў сябе ў татуяваныя грудзі й кляўся сваімі дзецьмі, што ня памятае, каб калі-небудзь у жыцьці зрабіў мне нешта благое. Бачачы такое, я ня мог зь яго ня зьлітавацца й не дараваць — гэтак мы з Габрусём зноў зажылі пад зямлёю, як той казаў, душа ў душу й дупа ў дупу.
Дзеля таго, каб неяк апраўдаць перад нашымі суседзямі сваё зацяглае й цалкам бескарыснае знаходжаньне на сквоце, а перад чэскімі ўладамі — сваё знаходжаньне ў Чэхіі, час ад часу мы, як анархісты і ўцекачы, былі вымушаныя ўдзельнічаць у палітычных акцыях: як анархісцкіх, антыкапіталістычных, так беларускіх, пераважна пракапіталістычных. Большасьць акцыяў з нашым удзелам мела вялізны посьпех, перадусім дзякуючы таму, што на анархісцкія акцыі мы з Габрусём звычайна прыводзілі беларусаў, а на беларускія — анархістаў. Гэта можа гучаць неверагодна, але нам нейкім чынам удавалася знаходзіць ці хутчэй вынаходзіць кропкі судакрананьня між гэтымі дзьвюма запалярна адрознымі плынямі грамадзкай думкі. Прыкладам, на пікет ля беларускай амбасады, што мясьцілася непадалёк ад намі акупаванай вілы, мы прывялі ўвесь сквот на той падставе, што наш прэзыдэнт нядаўна недзе сказануў: „Дзяржава — гэта я!“ — таму мы, маўляў, пратэстуем супраць існаваньня беларускай дзяржавы як такой, а ня толькі супраць прэзыдэнта, што анархісты, натуральна, не маглі не падтрымаць — праз такую колькасьць удзельнікаў ажно конную паліцыю, як пры цары, выклікаць давялося. Наадварот, на анархісцкі пікет супраць адкрыцьця ў Празе чарговага „Макдональдсу" мы прыцягнулі палову беларускай суполкі, а менавіта тую, што адкалолася ў выніку Вялікай Схізмы ад салідных дзядзькаў і цётак, якім замінала „марыхуана“ — ім мы ўцёрлі акурат тое, што салідныя дзядзькі й цёткі ходзяць са сваімі дзецьмі выключна ў амэрыканскі „Макдональдс“, пагарджаючы плябейскім амэрыканскім „Кентакі Фрайд Чыкен“, што быў нашым суайчыньнікам дарагі ня меней за статую тутэйшага друкара й батаніка Скарыны. У выніку на дэманстрацыю за легалізацыю марыхуаны нашчадкі вялікага батаніка прыйшлі ўжо самі, нават бяз нашае агітацыі, і так ударна аддэманстравалі, што ў мяне стварылася адчуваньне, быццам іншай мэты іхныя ўцёкі за мяжу й ня мелі. „Не разумею, як можна дэманстраваць адначасова за марыхуану й супраць Макдональдсу“, дзівіўся Габрусь. „А калі цябе на хаўчык праб’е — ты куды пабяжыш? Да „Максіма“? Ці можа ў „Блювю?". Ня кажучы пра тое, што пасікаць задарма няма куды схадзіць, апрача Макдональдсу... Там табе й мыла, і туалетная папера — ды без Макдональдсу мы б на сквоце ўсе каростай пазарасталі! Ня кожны ж красьці ўмее, як я!“ „Нешта я, Габрусь, ня бачыў, каб ты мылам карыстаўся“. „Мала чаго ты яшчэ ня бачыў! Як я сяру, ты таксама ня бачыў — гэта ж ня значыць, што я гэтага не раблю. Хай і рэдка. Дый наагул я не за сябе, я за людзей перажываю. Не ўва ўсіх жа ад каросты імунітэт, як у мяне“.
Карацей кажучы, усю рэшту восені мы прадэманстравалі. За што мы толькі ні выступалі: за свабоду Ч’япасу, за свабоду Тыбэту, за рукі прэч ад Палестыны, за рукі прэч ад Ізраілю, за амэрыканскі радар у Чэхіі, супраць амэрыканскага радару ў Чэхіі, за санкцыі супраць Беларусі, супраць санкцыяў за Беларусь, супраць уступу ў Эўразьвяз, за выступ з НАТО, супраць выступу на Эўравізіі, за выступ на Эўравізіі, супраць выступу з НАТО, за ўступ у Эўразьвяз, за эўтаназію пагалоўную, супраць эўтаназіі выбарачнай, за новую бібліятэку зь пяра Яна Капліцкага, супраць новай капліцы зь пяра Яна Бібліятэцкага, супраць атамнай энэргіі з Расеі, за атамную вайну з Расеяй, за кастрацыю гвалтаўнікоў, супраць кастрацыі парсюкоў і г. д. Сваім дэманстраваньнем мы дасягнулі толькі таго, што нашыя фатаздымкі пачалі зьяўляцца ў мясцовых і рэспубліканскіх чэскіх газэтах. Габрусь быў на сёмым небе ад шчасьця: „Ты бачыш, і тут пра мяне ў газэце напісалі!“ (У газэце, насамрэч, была толькі Габрусёва фотка з касяком у зубах.) „А што, на радзіме таксама пісалі?“ „А то! Я ж у Менску вучыўся!“ „I што пісалі?“ „Ну, як я сабе бот... то бок рот зашываў...“ „Габрусь, па-мойму, гэта быў ня ты“ . „А, праўда, ня я — бачыш, які ты зноў недалікатны... Згадаў: пра мяне пісалі, як я інтэрнат падпаліў“. „Так адкрытым тэкстам і напісалі?“ „Ну не зусім, я ж яго ананімна падпальваў... Слу-ухай, дык гэта значыць, што нам хутка „азіл“ дадуць!“ „Зь якой такой ласкі?“ „Што значыць зь якой? Ведаеш, ты на мяне не крыўдуй, але ты ну поўны ідыёт. Усе ж беларусы свае фоткі з дэманстрацый паказваюць — і ім адразу даюць. Гэта ж жывы доказ палітычнай актыўнасьці! Некаторыя нават самі сабе такія газэты друкуюць — а тут ужо, бачыш, за нас надрукавалі“. ,,Дык яны ж паказваюць фоткі зь беларускіх дэманстрацый!“ „Ну дык а гэтая што — не беларуская?“ „Не, гэтая за марыхуану, як бачыш“. „Ну, ня ведаю — на фотцы, па-мойму, адны беларусы“. „Гэтага ты лепш нікому не кажы. Сумняюся я, што табе за яе „азіл“ дадуць — глядзі каб хутчэй ня вытурылі“. „Чаму гэта?“ „А таму, што ў Беларусі трэба было дэманстраваць“. „Ты што, здурэў? У Беларусі ж за гэта й пасадзіць могуць! А тут сабе — дэманструй на здароўе...“
8.
Калі бог розум раздаваў, я цыцкі выбірала.
Прымаўка
Нягледзячы на нашую з Габрусём палітычную ангажаванасьць, на пачатку зімы чэскія сквотэры неяк падазрона часта пачалі задаваць нам пытаньне, калі мы ўжо ад іх зьедзем: маўляў, пагасьцявалі, і хопіць.
Габрусь зразумеў гэта як намінку на тое, што мы, праз нашыя сувязі зь беларускімі нацыяналістамі, сталі на сквоце непажаданымі асобамі — а як толькі зразумеў, дык нечувана абурыўся й быў гатовы сысьці адтуль хоць цяпер, разам з рэчамі, проста ў марозную сьнежаньскую ноч — маўляў, дзеля Айчыны ён гатовы на любыя пакуты. Балазе, мне ўдалося ўгаварыць старшыню сквоту па мянушцы Акела (а мо гэта была толькі мянушка ягонай нямецкай сужыцелькі-аўчаркі, ня памятаю) пакінуць нас там да заўтра, хай сабе ня ў нашым, а ў гасьцёвым пакоі, які я ў думках па-ранейшаму называў Дашыным. З гора мы з Габрусём пайшлі ў паблізны рокерскі бар і набухаліся там піва да самага закрыцьця — так бы мовіць, на дарожку й на разьвітаньне з роднаю хатай. Па дарозе назад мы на злосьць усім анархістам сьвету раўлі нацыяналістычныя песьні: я — „Мы выйдзем шчыльнымі радамі“, Габрусь — усё тую ж „Купалінку“.
Тут трэба зацеміць, што ўначы на сквоце малая патрэба часта ператваралася ў вялікую праблему, асабліва калі ўва ўнітазе замярзала вада, з-за чаго прыбіральню, як і сам сквот, на ноч замыкалі — мы пра гэта ў сваім заўжды й для ўсіх адчыненым скляпеньні не падазравалі. Як толькі мы ўлегліся на тым самым сьмярдзючым двухспальным матрацы, пакрытым дзеля мяккасьці поўсьцю з аблезлых сквотэрскіх сабак, на якім яшчэ ўвосень Даша мела шанец параўнаць нашыя сэксуальныя тэхнікі, то ўсьвядомілі, што балючыя ўспаміны й колькасьць выпітага піва заснуць нам не дадуць. Асабліва наракаў Габрусь, які забыўся наведаць ачко перад сыходам з бару. Аднак тут нас ад гэтага форс-мажору нечакана і ўва ўсіх сэнсах уратавала тое, што называецца дэў-сэксмашына: спачатку аднекуль затхніла куродымам, а неўзабаве пачалі даносіцца ўстрывожаныя крыкі нашых суседзяў-анархістаў. Пачуўшы іх, мы падхапіліся (усё адно ж ня спалі) і пабеглі па лесьвіцы на апошні паверх, зірнуць, што ў іх там адбываецца. А адбывалася ўсяго толькі тое, чаго аднойчы не магло ня здарыцца: Акела заснуў з касяком у роце, гарачы попел упаў на засланую сьцягам з Чэ Гэварам падлогу, тая ўмомант занялася полымем, і неўзабаве ўжо гарэў цэлы паверх. Ува ўсё гусьцейшым дыме на сходнях пачалася паніка й штурханіна: палова анархістаў бегла нагару ратаваць свае (то бок, вядома, супольныя) рэчы, а палова — уніз, ратаваць свае жыцьці, ведаючы, што вады няма й ня будзе.
Акурат тут на авансцэну гісторыі выйшаў і паказаў сябе мужыком Габрусь. Як толькі ён убачыў пажар, то, як быў звыклы яшчэ зь дзяцінства, не раздумваючы выняў з нагавіцаў свой (калі ўжываць ягонае ўласнае слова) пісюн і прывёў яго ў адпаведнасьць з гэтаю назвай. Мы з анархістамі не маглі паверыць сваім вачам — ці то ад, як бы так сказаць па-навуковаму, нехуёвага памеру пісюна, ці то ад нечаканай Габрусёвай мужнасьці, то бок зноў-такі — ад памеру пісюна. Магутная плынь чэскага піва вырывалася з Габруся хвілінаў восем. Ашалелыя спачатку анархісты неўзабаве ачомаліся й пачалі даваць яму парады, куды лепш скіраваць шлянг, а некаторыя й самі паспрабавалі зраўняцца з Габрусём у новай для іх дысцыпліне пажарнага спорту. Аднак Габрусь цудоўна даў рады агню й бязь іхнае дапамогі — ну, хіба яшчэ я, каб не застацца ўбаку, дадаў ад сябе пару сьціплых сікаў і пукаў. Неўзабаве пажару як і не было — тым часам Габрусь усё яшчэ ня мог перастаць, праз што мусіў скіраваць апошнія струмені сваёй мачы ў вакно. У выніку адзінай пабочнай шкодай, якую прынёс сквоту пажар, стала залішняя вільгаць, а таксама лужына Габрусёвай мачы й яе смурод, але й той хутка распусьціўся ў застаялым паху мачы сабачай, што гаспадары ўжывалі замест парфумы. Гэтак Габрусь стаў героем барацьбы з капіталізмам і атрымаў ад удзячных сквотэраў у падарунак мянушку „piss artist". Што ж, дзякуй ужо за тое, што нагадваць нам пра нашае абяцаньне заўтра ж пакінуць сквот болей ніхто не наважыўся: у свой падземны пакойчык мы вярнуліся з высока ўзьнятымі галовамі.