Уладзімір Караткевіч - ....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў
Спадабалася ўсім, а Толька Забалоцкі абалдзеў, да таго яму да сэрца прыпала. Цяпер з усімі за Беларусь лаецца. Будзем з ім здымаць “Памяць”, калі яе пусцяць, у чым я сумняваюся. Кіно наша для бескампрамісных, якія не паспелі ўвабрацца ў сілу, для здольных і, галоўнае, для перыферыйных – клаака з чарвякамі ды гадзінамі. Можна было б, вядома, бясконца працаваць і перарабляць, каб жыў адным гэтым. Але ж гэта для мяне не ўсё. І я хачу сапраўднае даць, а яны ў мяне, як у Чэхава ў апавяданні, патрабуюць: ”Не, давай капейку, давай дзярмо”.
Грышка прыехаў з поўдня, паехаў хутка ва Ушачы, а я ўсё не мог адарвацца ад гэтых спраў, якія сушаць. А тут яшчэ сваячкі. спраў падкідалі, а тут яшчэ Лявон аддаў чорт ведае каму рукапіс рамана. Словам, цягнуў я тыя справы ваўсю і пакутаваў.
А тут яшчэ дзікая справа з музеем. Усе нашы намаганні пайшлі дымам. А было так.
Пабудавалі цудоўны будынак для гісторыка-краязнаўчага музея – 4300 м. карыснай плошчы і яшчэ два паверхі для музейных фондаў і майстэрань. І тут адна асоба, з’явіўшыся ў музей Айчынай вайны, з абурэннем заўважыла, што няма яе партрэта. Апраўдваючыся, супрацоўнікі сказалі аб цеснаце. Між тым, музей меў 1300 м., цалкам добра. І вось на пачатку снежня стала вядома, што ў верхніх інстанцыях абмяркоўваецца пытанне аб тым, каб музеі памяняць месцамі, між тым, толькі на савецкі перыяд у новым будынку было адведзена 1950 м.. Ці мэтазгодна было рабіць такое хаця б з гэтай прычыны?
Супрацоўнікі ўзнялі трывогу, пісалі лісты, літаральна білі ў набат. Таму што гэта была катастрофа. Для фондаў музея Айчынай вайны не трэба і трох пакояў. Для іхняй экспазіцыі ў новым будынку хапае аднаго паверха, а два ніжнія паверхі для фондаў будуць пуставаць. Між тым, калі гістарычнаму музею аддадуць будынак музея Айчынай вайны – яны будуць задыхацца ў цеснаце, не будзе дзе размясціць таксідэрмікаў, заалагічна-біялагічную лабараторыю, фонды. У музеі павінны былі размясціцца рэспубліканскія рэстаўрацыйныя майстэрні – цяпер ім зноў не будзе памяшкання.
І пасля гэтую справу правялі цішком, у таямніцы ад супрацоўнікаў. Тыя прыйшлі на работу – ім сказалі: ідзіце дадому. Наступнага дня быў загад: спыніць экспазіцыю. Даведаліся, што прыязджаў Машэраў. Ён, відаць, і аддаў загад.
Спынілі работу па мантажы, разлічыліся з мастакамі. 1. месяца пасля таго нічога было невядома. Пасля дырэктар афіцыйна сказаў, што павінны перавесці ўвесь музей. Між тым затраты на экспазіцыю, мастакоў, мантаж, эскізы, прывядзенне будынка ў парадак склалі ўжо 200 тыс. рублёў новымі народных грошай (мільён чатырыста дваццаць восем тысяч пяцьсот семдзесят адзін кілаграм хлеба). Але каму да гэтага справа? Псу пад хвост. Што нам варта яго выкінуць. Два гады з Канады завозілі – завязем і яшчэ. У аддзеле прыроды ўзнялі паркет, папсавалі падлогу, звязваючы каркасы дыярам. Цяпер гэта ўсё зноў ламай, зноў манціруй і сцялі. І ані слова супраць з боку дырэктара. Урэшце, ён і раней трымаў сябе так, дый прызначаны быў, відаць, не для ўзначалення беларускай гістарычнай навукі, а для ўдушэння яе. <…>
І вось нядаўна афіцыйная пастанова. “З мэтай увекавечання”. Увекавечваць трэба, няма ніводнай сям’і, якая не пацярпела б. Але ўвекавечаць не безыменных. Паколькі верхні паверх будзе пуставаць, там зробяць “Галерэю партызанскіх герояў”. Не тых, што стралялі і паміралі, а тых, што пасля з’явіліся на гатовенькае. З чым вас і віншую. Толькі аб сваёй “славе”, быццам забыўшы, як лёгка яна скідаецца з п’едэстала, калі яна незаслужаная.
Між тым, экспазіцый столькі, што і на такой плошчы не было дзе іх размясціць. Змагаліся з мастакамі за кожны экспанат. І вось…
На 1300 м. трэба размясціць аддзелы археалагічны, феадалізму, капіталізму, рэвалюцыі, сацыялістычнага будаўніцтва, вайны (1 зала і дыярама “Мінскі кацёл”), камуністычнага будаўніцтва і цэлы паверх новага будынка – прырода і краязнаўства (важнае, перш за ўсё, для школьнікаў).
А гісторыя для ўсіх беларусаў і гасцей. Адна рэспубліка з 15 не мае свайго гісторыка-краязнаўчага музея. І не будзе яго мець пры цяперашняй палітыцы. А ёсць жа ўнікальнейшыя экспанаты: жытло чалавека з касцей жывёл – адно яно можа карыстацца еўрапейскай славай; дзе яно змесціцца ў старым будынку. А рэчы з музея-палаца Паскевіча?
Я не кажу ўжо аб няправільнасці гэтага ўчынку з палітычнага боку. Частка гісторыі не можа быць большая за цэлую гісторыю. Айчыная вайна – славуты этап, але яна будзе займаць больш месца, чым усе 800 г., рэвалюцыю, Грамадзянскую вайну, 50 год савецкай улады, барацьбу Заходняй Беларусі.
А Кастрычніцкі зал, спецыяльна пабудаваны і распісаны. Цяпер яго пераафарбоўваюць, аформлены толькі дзеля гэтай мэты.
Часціна большая за цэлае. Ленін, значыцца, меншы за іх усіх. А калі ім так патрэбна свая слава, то ці камуністы яны? Словам, буйнейшая навуковая ўстанова пасля акадэміі, вялікі навукова-метадычны цэнтр, магчымая слава наша – ляснулі. Але каму патрэбная наша слава? Каму, калі яна не патрэбная нават многім з нас.
…Так праходзілі дні. Кожны, чорт яго бяры, як крыж. Пэўна, здохну раней часу ад разліцця жоўці або інфаркту.
31 паехалі мы з Адамам, Марыяй і Алікам [30] у Гудагай. Маці засталася адна. Павінна была прыехаць пляменніца [з Оршы], але не прыехала. Маці адзін вечар была ў Алешкі, другі – у дальніх сваякоў.
А мы паехалі. Доўга стаялі на віядуку і чакалі ўначы. Пасля селі. Вельмі ўдала зрабілі перасадку ў Маладзечне на Гудагайскі цягнік (некалькі хвілін прастаялі) і зноў паляцелі ў ноч. Я люблю гэтыя мясціны. Паўсюль яшчэ хутары. Рэдкія агеньчыкі ў снезе. Міргаюць здалёк. На станцыйках аранжавае святло праз вокны, цішыня.
Прыехалі на станцыю. Сустрэлі нас там. Прыйшлі ў хату. Усё тое самае. Цудоўная яліна. Стол у вялікім пакоі, старая гравюра, на якой суд над Хрыстом (словы, якія казалі першасвяшчэннікі і члены сінедрыёну, напісаны ў іх каля рота на сувоях-не сувоях, словам, на месцах, абведзеных рамкамі). “Тышчу гадоў” гравюры. Спакойны няспешны наіў. Глядзі сабе, чытай, даведвайся, як гэта яны яго судзілі – нібы пратакол з архіваў копнага суда. За гадзіну ўзнялі чарку за стары год, а там кшакуўкаю адзначылі і новы. Добра мне там. Ды й увогуле з Адасём добра і спакойна. Каго б не хацеў ніколі страціць, то гэта яго.
1 лютага. Аўторак
Ну а што паспела здарыцца ў гэтым годзе? І многа, і мала. Паспрабую ўспомніць. 1 студзеня цэлы дзень сядзелі з Адамам, мамай ягонай і іншымі ўдома. Гаварылі пра многае, спрачаліся, пілі, як губкі, але п’яныя, здаецца, не былі. Прынамсі, не дужа былі. Госці троху сядзелі. Вечарам былі ў клубе, слухалі канцэрт. Глядзелі “Прымакоў”. Весела было. І зганобілі мяне тут гудагайскія “бабы, брыдкія богу”, як казалі бацькі хрысціянства, – ну, ледзь не да апошняга. Ану іх, словам!
Былі наступнага дня на хутары ў Марыі. Добры чалавек дзядзька Карл [31]. Але цяжка хадзіць па кладках з хутара на хутар, у клуб і назад. Над стронгавымі ручаінамі, над чорнай і шумнай уначы вадой (бо адліга з’ела лёд і моцна папсавала снягі). Каб гэта на Рыгоравай радзіме, то сто разоў утапіўся б. Там лічаць, што парэнчы рабіць ля кладкі – нявартая справа і залішняя праца. Абыдзецца, маўляў, і так. У мінулым, праўдзівей, пазамінулым годзе я там ледзь не сплыў у Ваўчэнскае возера.
Але няхай сабе і кепска хадзіць – ёсць у гэтым тое, чаго ніколі не сустрэнеш у ідыёцкіх гарадах: водар расталага снегу ўначы, вільготны цяжкі вецер, шум вады і вербаў, хутарскія агеньчыкі сярод разводдзяў.
Калі і надалей будзе так, калі даб’ем вёску – і зямля, і душы давеку застануцца абкрадзенымі.
А гэтага, мяркуючы па ўсім, нядоўга чакаць. Калі, вядома, нічога не зменіцца. Не хапае хлопцаў. Нават у “Прымаках” некаторыя ролі гралі дзяўчаты.
А ў той вечар, другога, гэты клуб з пацьмянелымі сценамі, з шэрай пабелкай, са сцэнай, на якой ляжыць лубін (дзеці сыплюць яго пад ногі танцорам), са сляпым харошым чалавекам-гарманістам і з нешматлікімі хлопцамі, якія лічаць, што яны тут цары і багі, ды цераз грыб плююць. Я там заеўся з адным, збольшага, відаць, таму, што пыхатых не люблю, ды й напіты трохі быў.
Пераначаваўшы ў дзядзькі Карла (а ляжалі мы з Адамам на падлозе, вартуючы ложак Марыі, так што ёй нічога не каштавала, калі б захацела, даць любому з нас па галаве), сталі думаць, а што рабіць далей.
Зіма сіроцкая, цячэ са стрэх, ходзяць мокрыя куры, і вецер нібы кожны раз на іх старую загадку адгадвае (“ходзіць пані ў жоўтым жупане, як вецер павее, то й с…. відаць”). Не памятаю, як там, а тут, у Рагачове, нават гракі паленаваліся ляцець на поўдзень і часткова засталіся тут. Ні д’ябла мы не ведаем, які такі, на месяцы разлічаны, барометр дае ім упэўненасць, што зіма будзе мяккая.
І пайшлі мы з Адамам у Расолы, да яго і Альбіна [32]. Мясціны не нашай, прыдняпроўскай, але дзівоснай прыгажосці. Гарбы ў дрэвах – сіне-фіялетавыя, снягі, шэрае адліжнае неба, хуткія вузкія рэчкі, зарасці.