KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Разная литература » Прочее » Сяргей Белаяр - Выключэнне з правіл

Сяргей Белаяр - Выключэнне з правіл

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн "Сяргей Белаяр - Выключэнне з правіл". Жанр: Прочее издательство неизвестно, год неизвестен.
Сяргей Белаяр - Выключэнне з правіл
Название:
Выключэнне з правіл
Издательство:
неизвестно
ISBN:
нет данных
Год:
неизвестен
Дата добавления:
20 июнь 2019
Количество просмотров:
55
Возрастные ограничения:
Обратите внимание! Книга может включать контент, предназначенный только для лиц старше 18 лет.
Читать онлайн

Сяргей Белаяр - Выключэнне з правіл краткое содержание

Сяргей Белаяр - Выключэнне з правіл - автор Сяргей Белаяр, на сайте KnigaRead.com Вы можете бесплатно читать книгу онлайн. Так же Вы можете ознакомится с описанием, кратким содержанием.
Назад 1 2 Вперед
Перейти на страницу:

Сяргей БЕЛАЯР

Выключэнне з правіл

Навукова-фантастычнае апавяданне

Да прыбыцця ратавальнікаў заставалася ўсяго нічога, але для Канстанціна Басалыгіна гадзіны расцягнуліся да вечнасці. Ішлі чацвёртыя суткі вымушанай адзіноты — сярод трупаў, у барацьбе са страхам. З дзесяці адсекаў рудаздабываючай станцыі толькі адзін ён не пацярпеў пасля выбуху энергаўстаноўкі.

За сценамі бушавала пясчаная бура. Канстанцін Басалыгін стараўся не думаць пра тое, што выйсці на паверхню мог толькі вар’ят. Час ад часу ахоўны купал уздрыгваў — вецер парывамі дасягаў хуткасці дваццаць чатыры метры за секунду. Планетоід быў няветлівы, затое багаты на карысныя выкапні.

У той момант, калі Канстанціну здалося, што ратавальнікі ніколі не з’явяцца, пачуліся глухія ўдары. Занадта рытмічныя для галюцынацыі. Сэрца інжынера-геолага забілася хутчэй. Схапіўшы першае, што трапілася пад руку, паспяшаўся да шлюзавай камеры і пачаў азвярэла біць па дзвярах. І яго пачулі.

Ратавальнікам спатрэбілася амаль гадзіна, каб патрапіць унутр. Увесь гэты час інжынер-геолаг сціскаў потнымі рукамі гаечны ключ і з цяжкасцю стрымліваў слёзы. У апошнюю секунду ногі ўсё ж падкасіліся — адбілася перажытае.

Ратавальнікі падхапілі Канстанціна Басалыгіна пад рукі і асцярожна пасадзілі на скрыню. Рэзкі пах нашатырнага спірту прывёў інжынера-геолага ў пачуццё. Яму далі напіцца.

— Усё скончылася! — запэўніў камандзір ратавальнікаў. Яго погляд быў напоўнены шчырым спачуваннем.

— Вялікі дзякуй! — удзячнасць Канстанціна Басалыгіна з’яўлялася такой жа непадробнай.

Праз чвэрць гадзіны інжынер-геолаг апынуўся на борце бота, дзе ім заняўся лекар.

— Нічога сур’ёзнага — усяго толькі нервовае і фізічнае знясіленне! Здаровы сон, вітамінізаваная ежа і спакой паставяць яго на ногі хутчэй, чым мы вернемся на базу!

— Добрая навіна! — мяркуючы па інтанацыі, афіцэр сапраўды лічыў навіну добрай. Гэта выклікала ў Канстанціна Басалыгіна сімпатыю да яго. — Адвядзіце яго ў душ, накарміце, дайце чыстае адзенне і ў трэці медыцынскі бокс. А мы пакуль скончым са справамі!

— Добра... Зможаце ісці самі?

— Думаю, што так.

— У такім выпадку — прашу за мной!

Трэці медыцынскі бокс аказаўся прасторным памяшканнем з двума ложкамі. Інжынер-геолаг заснуў, ледзь дакрануўшыся галавою да падушкі. Упершыню за апошнія суткі ён адчуў сябе ў бяспецы.

— Добрай раніцы! — першым, хто нанёс візіт Канстанціну Басалыгіну, быў камандзір ратавальнікаў. Афіцэр прадставіўся, апусціўся на суседні ложак і клапатліва пацікавіўся: — Як самаадчуванне?

— Мне нашмат лепш.

— Зможаце адказаць на некалькі пытанняў? Я не хацеў вас турбаваць, але... Самі разумееце, служба! — Палямон Дзёмуха глянуў прама ў вочы Канстанціна Басалыгіна.

— Тым больш што я — адзіны сведка... — інжынер-геолаг погляд вытрымаў. Яму не было ў чым сябе абвінаваціць. — Задавайце! Рана ці позна ўсё роўна прыйдзецца даваць адказы!

— З вашага дазволу! — наступіла хвілінная паўза. Афіцэр вывудзіў з кішэні планшэтны камп’ютар і падрыхтаваўся рабіць пазнакі. — Як даўно вы на станцыі?

— Гэта мая трэцяя двухгадовая вахта.

— У тым жа складзе? — стыло шпацыравала па экране.

— За некаторым выключэннем так.

— Гэта значыць, вы асабіста ведалі калі не ўсіх, то шмат каго? Маё пытанне выклікана не пустой цікаўнасцю — мне трэба ведаць, ці не быў выбух наўмысным!

— За ўсіх не паручуся! Мне здаецца, ні ў кога не мелася падставы для таго, каб узарваць станцыю. Калектыў быў дружным! Ды й не дапусцілі б псіхолагі да місіі чалавека з няўстойлівай псіхікай — тэсты падмануць немагчыма. Я таксама выключаю і магчымасць дыверсіі. Не той час!

— Трагічная выпадковасць? — і зноў ацэньваючы погляд. Канстанцін Басалыгін кіўнуў. — Калі ласка, раскажыце, як усё адбылося.

— Быў звычайны працоўны дзень. Прыкладна ў трынаццаць трыццаць з восьмага адсека паступіў сігнал аб паломцы трансфарматара. Я ўзяў інструменты і адправіўся туды. Мая другая спецыяльнасць — электрык.

— А штатны дзе знаходзіўся ў гэты момант?

— Злёг з засмучэннем страўніка, як і яго памочнік. На месцы аказалася, што паломка вельмі сур’ёзная — былі абясточаны драбільныя апараты паўднёвага і ўсходняга сектараў. Я запытаў у каменданта дапамогі і неадкладна ўзяўся за рамонт.

— Прастой каштуе вялікіх грошай?

— Велізарных — апараты павінны працаваць кругласутачна! Па гэтай прычыне побач з імі былі створаны запасы руды на пяць сутак, таксама меўся двайны камплект запасных частак... Па маіх падліках, да таго, як прагрымеў выбух, прайшло крыху больш за чвэрць гадзіны. Станцыю скаланула, як пры моцным землятрусе, пагасла святло, затым аўтаматычна спрацавала блакіраванне дзвярэй. Менавіта дзякуючы сістэме бяспекі я і застаўся жывы... — інжынер-геолаг змахнуў слязу. Казаць было цяжка.

Палемон Дзёмуха моўчкі чакаў працягу. Праз некалькі хвілін Канстанцін Басалыгін узяў сябе ў рукі.

— Я надзеў скафандр — па некалькі штук захоўваецца ў кожным адсеку — і прабраўся ў суседні. Ён быў чорны ад сажы... Усе былі мёртвыя... Дзякую! — інжынер-геолаг адпіў са шклянкі. Зубы стукалі па пластыку. — Далей я не пайшоў. Занадта высокім быў узровень радыяцыі...

— Ды й не прайшлі б — дзверы ў наступны адсек заклінавала, а цяжкія вонкавыя створкі ўручную адкрыць немагчыма. Вы ўключылі аварыйны сігналізатар, як толькі вярнуліся ў адсек?

— Так! Пры інструктажы нам сказалі, што ад хуткасці падачы сігналу залежыць наша жыццё.

— Вы ўсё зрабілі правільна, спадар Басалыгін!

— Я спадзяваўся на тое, што камусьці яшчэ пашчасціла выжыць, але гадзіны ішлі, а ніхто не прыходзіў... Выбачайце!

— Вазьміце сурвэткі! Калі хочаце, можам працягнуць у іншы раз.

— Я не змагу доўга насіць гэта ў сабе! — інжынер-геолаг выцер слёзы і вярнуўся да аповеду. — З ежы ў мяне была толькі плітка шакаладу, якая выпадкова апынулася ў кішэні камбінезона. Я стараўся эканоміць ваду, але некалькі літраў з пляшак скафандра скончыліся да зыходу трэціх сутак. Прыйшлося піць тэхнічную, папярэдне працадзіўшы яе праз фільтр, зроблены з бінтоў і таблетак актываванага вугалю. Мярзотны, скажу я вам, смак, аднак выбіраць не даводзілася... Пяцідзесяці літраў павінна было хапіць надоўга, а вось бінтоў і вугалю... Калі б вы прыляцелі на два-тры дні пазней, я мог памерці ад смагі ці атручэння...

— Вы мужны чалавек, спадар Басалыгін!

— Звычайны, проста прыперты да сценкі абставінамі...

— Вамі ж і створанымі!

— Прашу прабачэння? — Канстанцін Басалыгін здзіўлена ўскінуў бровы.

— Вы не ахвяра, а злачынец! — у голасе Палемона Дзёмухі з’явіўся метал.

— Вашы словы абразлівыя! — інжынер-геолаг прыўзняўся на ложку, поўны абурэння. — Вам павінна быць сорамна за цынічныя інсінуацыі! Я патрабую выбачэнняў! І зараз жа!

— Ваша гульня вышэй за ўсялякія хвалы! Упэўнены, у турме яе па вартасці ацэняць!

— Я буду скардзіцца вашаму кіраўніцтву!

— Корпус не разглядае скаргі злачынцаў, вінаватых у наўмысным забойстве дваццаці шасці чалавек. Столькі, здаецца, працавала на станцыі?.. Я збіраюся арыштаваць вас, спадар Басалыгін.

— Што за трызненне? Вы, напэўна, забыліся, што шок у мяне, а не ў вас!

— Ляжце, спадар Басалыгін! У адваротным выпадку я буду вымушаны аддаць загад прывязаць вас да ложка!

— Гэта абуральна!

— Не крычыце! Абуральныя не мае словы, а вашыя дзеянні. На Зямлі вас чакае суд і суровы прысуд! — голас афіцэра гучаў спакойна і нават абыякава.

— Вы — вар’ят! — Канстанцін Басалыгін адмаўляўся верыць сваім вушам. — Я нікога не забіваў!

— Гэта быў выдатны план, спадар Басалыгін. Вы прадумалі ўсё да дробязяў! Атручэнне электрыка і яго памочніка дазволіла ліквідаваць канкурэнтаў, якія маглі выявіць, што трансфарматар спецыяльна сапсавалі. Паломка дазволіла вам пакінуць астатніх і тым самым ацалець падчас выбуху. Як інжынер-геолаг вы мелі до­ступ да выбухоўкі — мы знайшлі мікрачасціны сярод абломкаў энергаўстаноўкі. Вялікай магутнасці зарада не патрабавалася — дастаткова было запаліць адпрацаванае паліва...

— Лухта!

— За гадзіну да выбуху вы ўзялі ўсюдыход і пакінулі станцыю. Далёка ад’язджаць было не трэба — рэльеф планетоіда дазваляе схаваць на яго паверхні нават касмічны карабель. Ваш ад’езд ні ў кога не выклікаў пытанняў — што можа быць больш натуральным, чым планавая паездка інжынера-геолага?

— Вам бы дэтэктывы пісаць!

— Абавязкова падумаю над вашымі словамі пасля таго, як выйду на пенсію, спадар Басалыгін... Заклаўшы схованку, вы вярнуліся на станцыю.

— Бачу, што людзі вашай прафесіі маюць багатае ўяўленне. Нават залішне багатае!

— Вы замкнуліся ў восьмым адсеку, як найбольш аддаленым ад эпіцэнтра, вычакалі некаторы час пасля выбуху, затым уключылі сігналізатар. Пасля гэтага вам заставалася толькі дачакацца ратавальнікаў... Вы паклапаціліся аб уласнай шкуры — пратэставалі сігналізатар за суткі да выбуху, пад завязку напоўнілі бак вычышчанай тэхнічнай вадой, пракантралявалі, каб у аптэчцы былі бінты і актываваны вугаль... Вы хацелі назапасіцца ежай на некалькі сутак, аднак гэта магло выклікаць падазрэнні. Таму вам прыйшлося здавольвацца адной шакаладнай пліткай, якая нібыта выпадкова апынулася ў кішэні...

Назад 1 2 Вперед
Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*