Андрэй Дзiчэнка - Камітэт па расстрэле паэтаў
Обзор книги Андрэй Дзiчэнка - Камітэт па расстрэле паэтаў
Андрэй Дзiчэнка
Камітэт па расстрэле паэтаў
Апавяданне
Выніковае заключэнне камісіі:
«21 снежня 20..
У аддзел па культуры і прапагандзе паступілі вершы Філіпава Дзмітрыя Iгаравiча ў колькасцi 4 (чатыры) штукі. Напiсаныя чатырохстопным ямбам, творы ўяўлялі сабой пралетарскую афарбоўку нашага буржуазнага грамадства, сэнс якіх зводзіўся да крытыкі і грубіянскага скажэння рэчаiснасцi. Дзмітры Iгаравiч (у далейшым Паэт) падчас допыту супрацоўнікамі камiтэта распавёў, што пісэў гэтыя радкi ў цвярозым розуме i з чыстымі намерамі. Як вынік, пасля першаснага азнаямлення з творчасцю грамадзяніна Паэта, асобныя яго творы былі накіраваны на разгляд адмысловай камісіі. Камісія ў складзе спадара Елатомцава Е.А. i спадарыні Фурцман Е.Б. прызнала дадзеныя тэксты паэтычнымі творамі i, улічваючы наяўнасць свядомасці аўтара, адхіліла варыянт карнай псіхіятрыі ў дачыненні да грамадзяніна Паэта. Таму адэкватнай рэакцыяй на нараджэнне падобнага «прадукта мастацтва» стаў прысуд да расстрэлу грамадзяніна Паэта ў казённым сутарэнні дома №24 па вуліцы Слабадской супрацоўнікамі камітэта.
Паэтычныя творы перадаць у адмысловы архіў. Заключэнне апублікаваць у цэнтральных органах друку.
Старшыня камісіі, спадар Ерафееў В.М.»
— Расстралялі гэтага хлопца ўжо? — спытаў чалавек у чорнай скуранцы ў дзяўчыны, якая сядзела за суседнім сталом, якраз насупраць яго. Дзяўчына, пагружаная ў свае думкі, штосьці пісала на лісце паперы і, падняўшы вочы, адказала:
— А? Што? Каго? — чалавек паказаў ёй жоўклы лісцік, у загалоўку якога было прозвішча асуджанага. — Філіпаў? Якая там дата стаіць?
— Пратакол ад 21 снежня, — прамовіў чалавек і, адкрыўшы шуфляду, паклаў спісаны чорнымі чарніламі ліст паперы ў стос усякіх іншых вытворчых дакументаў.
— Выкананне ў тэрмін да трох дзён, Міхась, — манатонна прамовіла дзяўчына і адначасова пачала зноў нешта пісаць. Гладкая скура яе твару мякка пакрылася сінім свячэннем уключанага манітора. — А якая ў нас дата сёння?
— 25 снежня, — задуменна сказаў Міхась, папярэдне зірнуўшы на гадзіннік. Затым ён устаў і прыняўся складаць сшыткі, якія ляжалі на стале, у чорную скураную валізку.
Валізка з белай ручкай з'яўлялася галоўным атрыбутам прадстаўніка камісіі па адмысловых справах культуры і мастацтва, ад чаго мужчыны i жанчыны з павагай ківалі галавой, калі на абшарах пустэльнага сібірскага горада сустракалі супрацоўніка ганаровай дзяржаўнай службы.
Міхась развітаўся са сваім калегам. Тая ж, цалкам паглынутая працоўнымі дакументамі, машынальна кіўнула яму галавой, і Міхась напышліва пляснуў дзвярыма, выходзячы ў прастору цёмнага калідора. Сцены калідора калісьці даўно былі выфарбаваныя белай фарбай, месцамі патрэсканай і жоўклай.
Ён ішоў міма агітацыйных стэндаў, размешчаных на адлегласці некалькіх метраў адзін ад аднаго. Каляровыя карціны і шумныя лозунгі выглядалі на іх кідка і ўносілі збянтэжанасць у маркотную панараму з дзясяткаў дзвярэй.
Міхась выйшаў на ціхую вуліцу і падышоў да прыпаркаванага аўтамабіля. Адкрыўшы ключом дзверы, ён дзелавіта паклаў партфель на заднюю сядушку, а сам сеў за руль. Неўзабаве ён накіраваўся дамоў, распавядаць жонцы і дзецям пра тое, што хутка наступіць Новы год, а працы вельмі шмат...
Мужчына зайшоў у памяшканне і сеў за круглы стол. Побач з ім уселіся на свае месцы яшчэ некалькі чалавек у чорных пінжаках. Чалавек пстрыкнуў ручкай і, папярэдне распісаўшы яе ў нататніку, каліграфічным почыркам вывеў на белым лісце паперы:
Выніковае заключэнне камісіі:
«25 лютага 2021»
— Час пазначаць ці можна не звяртаць увагі? — спытаў ён у прысутных, трасучы бліскучымі, быццам прамасленымі, скуламі. Кадык яго тузаўся ці то ад злосці, ці то ад замілавання зробленай працай.
— Не варта, — адказаў налыса паголены мужчына і ў дадатак да сваіх словаў пакруціў галавой.
Побач з ім сядзела дзяўчына, яна перабірала пажухлыя і спісаныя чорнай асадкай абрыўкі сшыткавых лістоў. Глыбока ўздыхнуўшы, яна перадала спісаныя лісточкі даме старэйшага ўзросту, якая сядзела побач. Тая, атрымаўшы доўгачаканыя паэтычныя творы, элегантна дастала з пазалочанага чахла акуляры і прабеглася вачамі па рыфмаваных радках.
— Ну гэта ж парнаграфія, а не вершы! — эмацыйна прамовіла жанчына і, скамечыўшы паперкі, дэманстратыўна шпурнула іх пад стол. Здавалася, што ад злосці, якая ўскіпела ў ёй, з маршчыністага твару пасыпалася пудра.
На ёй круг рэцэнзентаў замыкаўся, і чацвёра яго ўдзельнікаў пераглянуліся паміж сабой, а затым іх погляды скіраваліся на маладога чалавека, якісядзеў у куце на крэсле. Рукі яго былі скаваныя кайданкамі так, што хлопец не мог зрабіць лішняга руху. Вочы яго бегалі ў розныя бакі. Ад хвалявання хлопец часта аблізваў патрэсканыя вусны і насілу зглынаў сліну, якая ніяк не надавала вільготнасці перасохламу горлу.
— Такімі нават дупу падціраць, прабачце, сорамна... — прамовіў лысы і засмяяўся. Астатнія напружана маўчалі. Няёмкую паўзу перапыніла дзяўчына. Падняўшыся і паўстаўшы перад прысутнымі ва ўсёй сваёй красе, яна элегантна падышла да маладога чалавека і стукнула яго кулаком па твары. Галава яго, нібы паветраны шарык, тузанулася направа. Пакуль дзяўчына пацірала кулак, хлопец праглынуў згустак крыві і, падняўшы галаву, паглядзеў ёй прама ў вочы. Твар яго асвяціўся крывавай усмешкай.
— Не бачу нагод для ўсмешак, юнак! — пасля гэтых слоў, дзяўчына села назад за стол і, зрабіўшы выгляд, што нікога акрамя членаў камісіі тут няма, прамовіла:
— Што будзем рабіць з гэтым лайном?
Лысы, які відавочна сімпатызаваў маладой удзельніцы зачыненых працэсаў, выказаўся першым:
— Наша камісія створана не проста так. Годных аўтараў вялікіх твораў мы ўзнагароджваем ганаровым расстрэлам у склепе. Ну а гэта, гэта проста абраза нашага вялікага грамадзянскага грамадства, нашай вялікай думкі асуджанай волі...
Лысага перапыніў сваёй гаворкай удзельнік камісіі, які вёў пратакол:
— Увогуле, я запісваю, што !ванова Сяргея Сцяпанавіча мы пазбаўляем грамадзянства, а таксама права пражывання ў дзяржаве, — зрабіўшы некалькі простых запісаў і паставіўшы кропку ў пратаколе, усе чацвёра пачулі жаласны ўсхліп прыкаванага маладога чалавека.
— Гэта ж якое нахабства трэба мець, каб несці на разгляд камісіі такое... — абурана прамовіла пажылая жанчына. Яна ўстала і, накінуўшы на сябе чорнае скураное паліто, якое хавала яе грузную постаць, засунула крэсла.
— Часы такія пайшлі, самі разумееце. Ды і прысудзілі мы многіх па заслугах. А гэта... — дзяўчына кіўнула на юнака, які плакаў. — Гэта наогул выраджэнцы.
Неўзабаве ўсе чатыры чалавекі пакінулі камісійнае паседжанне. Замест іх зайшоў добра складзены салдат і, з пагардай паглядзеўшы на !ванова, вызваліў яго ад кайданкоў. Iваноў жа нечакана падхапіўся і, сціснуўшы рукі ў кулакі, прыняўся выць, нібы пакрыўджаны старэйшымі дзетсадавец. Салдат моўчкі стукнуў яго прыкладам вінтоўкі ў грудзі. !ваноў з грукатам зваліўся, пакідаючы на падлозе яркія кроплі крыві.
— Вяроўку i мыла. Ну, ці лёзы...Карацей, забярэш на КПП. Там дасведчаныя, — напаследак салдат штурхнуў берцам у бок апальнага паэта. Перш чым сысці з памяшкання, салдат паглядзеў на партрэт Патрыярха і перахрысціўся.
Салдат зачыніў дзверы. Iваноў працягваў ляжаць, напэўна, так да канца i не ўсвядоміўшы сваёй ганебнай долі.
«12 студзеня 2021. Шэсць гадоў як мяне саслалі ў Бійск...»
Кірыла пісаў у сваім дзённіку кожны дзень, як прыехаў у гэты сібірскі горад разам са сваёй каханай. Была раніца. Каханая дзве гадзіны як працавала на заводзе, а Кірыла працягваў пісаць.
«Змушанае маё знаходжанне ў гэтай творчай клаацы павінна падысці да свайго фіналу».
Паставіўшы апошняе шматкроп'е, ён загарнуў сшытак і запаліў. Стрэсваючы попел у бляшаны слоік з-пад кавы, Кірыла разважаў пра тое, якія творы ён панясе на разгляд строгай камісіі і што яму лепш потым зрабіць: павесіцца ці парэзаць сабе вены ў лесе. Ці проста замерзнуць.
— Гэта Алтай, мілы. Тут па начах -52° бывае, — казала яму Сняжанна, калі яны ўпершыню заехалі ў запляснелую хрушчоўку і сядзелі побач з ледзь ледзь цёплай батарэяй.
Калісьці Бійск быў навукаградам, і ў сценах сакрэтных лабараторый вядучыя розумы даўно забытай краіны праектавалі ракеты ў падарунак далёкаму і страшнаму ворагу. Потым апынулася, што краіна поўная ворагамі ўнутранымі, а не знешнімі, і Бійск зрабілі горадам для людзей, што словамі сваімі маглі данесці ноты пратэсту ў аморфныя масы.
Да канца тэрміна заставалася некалькі дзён. Калі ён нічога не падасць, то яго могуць спісаць як «непатрэбны чалавечы матэрыял» з ганебным штампам «западозраны ў паэтычных справах».
Быць поўным ізгоем ён не жадаў, а свае паэтычныя творы прадставіць на суд рыцараў грамадскасці не асмельваўся.
— Не хадзі туды.... Давай уцячэм... — казала Сняжанна, калі, лежачы ў ложку, яны глядзелі ў столь і слухалі, як вецер лютаваў за акном, перасоўваючы штосекундна тоны снегу па гарыстай мясцовасці неабсяжнай Сібіры. Але ім не схавацца ад пільных камер і ўсюдыісных спадарожнікаў. Кожны ў полі зроку сістэмы.