KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Фантастика и фэнтези » Научная Фантастика » Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке)

Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Джордж Оруэлл, "1984 (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Бiць яго сталi радзей, само бiццё сталася цяпер проста пагрозай, застрашэннем, да якога можна было звярнуцца ў любы момант, калi яго адказы былi незадавальняючыя. Яго дапытнiкамi былi цяпер не грамiлы ў чорнай унiформе, а партыйныя iнтэлектуалы, тоўстыя чалавечкi з рэзкiмi рухамi i блiскучымi акулярамi, якiя працавалi з iм наперамену асобнымi сеансамi, што цягнулiся - як яму здавалася, ён не мог быць пэўны - па дзесяць-дванаццаць гадзiн. Гэтыя новыя дапытнiкi рупiлiся аб тым, каб ён увесь час пакутаваў ад няспыннага лёгкага болю. Але не болю надавалi яны галоўную ўвагу. Яны давалi яму поўхi, круцiлi яму вушы, цягалi за валасы, прымушалi стаяць на адной назе, не давалi яму мачыцца, свяцiлi яму ў твар асляпляльным святлом, пакуль з вачэй не лiлiся слёзы; галоўнаю мэтай усяго гэтага было прынiзiць яго i задушыць у iм здольнасць разважаць i спрачацца. Iх сапраўднай зброяй быў бязлiтасны допыт, якi працягваўся бясконца, гадзiну за гадзiнай, блытаючы яго, падстаўляючы пасткi, перакручваючы ўсе яго словы, пераконваючы яго скрозь i ўсюды, што ён манiць i супярэчыць сам сабе, пакуль ён не пачынаў плакаць - i ад сораму, i ад нервовай стомы. Часам ён плакаў разоў шэсць за адзiн сеанс. Часцей за ўсё яны брыдка лаялiся на яго i, як толькi ён пачынаў вагацца, пагражалi зноў перадаць яго ахоўнiкам; але часам яны раптоўна мянялi тон, называлi яго таварышам, заклiкалi яго ў iмя Ангсоцу i Вялiкага Брата i з прыкрасцю ў голасе пыталiся, няўжо i цяпер у яго недастаткова адданасцi Партыi, каб ён захацеў адкупiць усё тое благое, што ён нарабiў. Калi нервы яго былi ладна пашкуматаныя пасля шматгадзiнных допытаў, нават гэткага заклiку было дастаткова, каб выцiснуць з яго слёзы. Урэшце назольныя галасы зламалi яго канчаткова, лепш за боты i кулакi ахоўнiкаў. Ён стаўся толькi языком, што вымаўляў, рукою, што паказвала ўсё, што толькi ад яго нi патрабавалi. Адзiным яго клопатам было здагадацца, якiя прызнаннi ад яго хацелi пачуць, i тады хутчэй прызнацца, пакуль зноў не пачнецца застрашэнне. Ён прызнаўся ў забойстве выдатных партыйных дзеячаў, у распаўсюджваннi бунтаўнiчых брашур, прамантачваннi грамадскiх сродкаў, выдаваннi ваенных сакрэтаў, разнастайным сабатажы. Ён прызнаўся, што быў шпiёнам на службе Ўсходазiйскага ўрада яшчэ ў 1968 годзе. Ён прызнаўся, што ён веруючы, прыхiльнiк капiталiзму i сексуальны маньяк. Ён прызнаўся, што забiў сваю жонку, хоць i ведаў, i яго дапытнiкi таксама павiнны былi ведаць, што яна жывая. Ён прызнаўся, што на працягу гадоў меў асабiстыя зносiны з Гольдштэйнам i быў сябрам падпольнай арганiзацыi, што складалася амаль з усiх людзей, якiх ён толькi ведаў. Было прасцей прызнацца ва ўсiм i ведаць усiх. Да таго ж у нейкiм сэнсе ўсё гэта было праўдай. Праўдай было тое. што ён быў ворагам Партыi, а ў вачах Партыi не было рознiцы памiж думкай i справай.

Засталiся ў яго i iншыя ўспамiны. Яны паўставалi ў свядомасцi бязладна, як карцiны сярод суцэльнай цемры.

Ён быў у камеры, дзе магло быць i цёмна i светла, бо ён не мог бачыць нiчога, акрамя пары вачэй. Зусiм побач павольна i мерна цiкаў нейкi iнструмент. Вочы зрабiлiся большыя i святлейшыя. Раптам яго нiбы змыла з месца, ён нырнуў у вочы i патануў у iх.

Ён быў прывязаны да фатэля, вакол былi шматлiкiя датчыкi, у вочы бiла сляпучае святло. Чалавек у белым халаце правяраў паказаннi датчыкаў. З калiдора пачуўся тупат цяжкiх ботаў. Дзверы з бразгатам расчынiлiся. Увайшоў афiцэр з вайсковым тварам, за iм два ахоўнiкi.

- Пакой 101, - сказаў афiцэр.

Чалавек у белым халаце не павярнуўся. Ён болей не глядзеў на Ўiнстана, ён глядзеў цяпер толькi на датчыкi.

Ён кацiўся па вялiзным калiдоры, кiламетр ушыркi, поўным урачыстага залатога святла, рагочучы на ўсё горла i выкрыкваючы прызнаннi. Ён прызнаваўся ва ўсiм, нават у тым, пра што здолеў змаўчаць пад час катаванняў. Ён выкладаў усю гiсторыю свайго жыцця слухачам, якiя яе ўжо ведалi. Побач з iм былi ахоўнiкi, iншыя дапытнiкi, людзi ў белых халатах, О'Браэн, Джулiя, пан Чэрынгтан, i ўсе кацiлiся ўнiз па калiдоры з крыкам i смехам. Нешта жахлiвае, што хавалася ў будучынi, было нейкiм дзiвам абыдзена i не адбылося. Усё было цудоўна, болей не было болю, найдрабнейшыя дэталi яго жыцця былi цяпер адкрытыя, зразуметыя, дараваныя.

Ён падхапiўся з дашчанага ложка амаль упэўнены, што пачуў голас О'Браэна. Пад час усiх яго допытаў, хоць ён нiколi яго i не бачыў, ён заўсёды адчуваў, што О'Браэн недзе зусiм побач, яго толькi не вiдаць. Усiм кiраваў О'Браэн. Гэта ён прыставiў да Ўiнстана ахоўнiкаў i папярэдзiў, каб яны яго не забiвалi. Гэта ён вырашаў, калi Ўiнстану крычаць ад болю, калi яму адпачываць ад катаванняў, калi яго кармiць, калi яму спаць, калi яму калоць у руку лекi. Гэта ён ставiў пытаннi i падказваў адказы. Ён быў катам, ён быў абаронцам, ён быў iнквiзiтарам, ён быў сябрам. I аднойчы - Ўiнстан не памятаў, цi было гэта ў сне пасля ўколу, цi ў звычайным сне, цi на яве, - нейкi голас прашаптаў яму ў вуха: "Не хвалюйся, Ўiнстан; ты ў маiх руках. Сем гадоў я назiраў за табою. Цяпер настала вырашальная хвiля. Я ўратую цябе, я зраблю цябе дасканалым". Ён не быў пэўны, цi быў гэта голас О'Браэна; але гэта быў той самы голас, якi некалi сказаў яму: "Мы сустрэнемся там, дзе няма цемры", у тым iншым сне, сем гадоў таму.

Ён не памятаў, цi яго допыты нечым скончылiся. Была проста нейкая цемра, а пасля камера або пакой, у якiм ён цяпер знаходзiўся, паступова матэрыялiзавалася вакол яго. Ён ляжаў пластом на спiне, няздольны рухацца, ва ўсiх важных частках ягонае цела было прымацавана да ложка. Нават патылiца была неяк зацiснута. О'Браэн глядзеў на яго зверху ўнiз паважна i трохi смутна. Твар яго, бачаны знiзу, здаваўся грубым i стомленым, з мяшкамi пад вачмi i зморшчынамi ад носа да падбародка. Ён быў старэйшы, чым здавалася Ўiнстану; яму было гадоў сорак восем цi пяцьдзесят. Пад рукою ў яго была нейкая прылада са шкалой i рычагом зверху.

- Я казаў вам, - сказаў О'Браэн, - што калi мы i сустрэнемся яшчэ, дык толькi тут.

- Так, - адказаў Ўiнстан.

Зусiм нечакана, калi не лiчыць лёгкага руху рукi О'Браэна, хваля болю напоўнiла яго цела. Гэта быў страшэнны боль, бо ён не ведаў, што адбылося, адчуваў толькi, што яму нанеслi нейкую смяротную рану. Ён не ведаў, цi сапраўды яму нешта знявечылi, цi гэта быў толькi вынiк уздзеяння электрычнасцi, але ўсё цела ягонае нiбы вывернулася навыварат, усе суставы павольна разрывалiся. I хоць у яго на лбе выступiў пот ад болю, найгоршым, аднак, быў страх, што яго хрыбет зараз з хрустам разламаецца. Ён дрыжаў усiм целам i цяжка дыхаў праз нос, спрабуючы маўчаць як мага долей.

- Вы баiцёся, - сказаў О'Браэн, паглядзеўшы яму ў твар, - што зараз у вас нешта зламаецца. Асаблiва вы баiцёся за ваш хрыбет. Вы яскрава сабе ўяўляеце, як разрываюцца пазванкi i хрыбтовая вадкасць вылiваецца вонкi. Вы ж пра гэта думаеце, праўда, Ўiнстан?

Ўiнстан не адказаў. О'Браэн пацягнуў рычаг назад. Хваля болю сунялася гэтак жа хутка, як i ўзнiкла.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*