KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Фантастика и фэнтези » Научная Фантастика » Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке)

Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Джордж Оруэлл, "1984 (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

"Яна магла б быць маёй мацi", - падумаў Ўiнстан. Узрост i знешнасць падыходзiлi, i было цалкам верагодна, што людзi мянялiся, адбыўшы дваццаць гадоў у лагеры прымусовай працы.

Больш нiхто з iм не гаварыў. Было дзiўна, што крымiнальнiкi не звярталi нiякай увагi на зняволеных партыйцаў. "Палiты", - называлi яны iх з абыякавай знявагай. Зняволеныя сябры Партыi, здавалася, страшна баялiся з некiм загаварыць, асаблiва ж адзiн з адным. Толькi аднойчы, калi два сябры Партыi, дзве жанчыны, апынулiся побач на лаве, прыцiснутыя ў цясноце адна да адной, Ўiнстан расчуў у гамане галасоў некалькi паспешлiва прашаптаных словаў, сярод якiх ён здолеў разабраць нешта накшталт "пакой сто адзiн", але не зразумеў, што гэта значыць.

Сюды ж яны перавялi яго дзве цi тры гадзiны таму. Глухi боль у жываце не праходзiў, часам балела меней, часам болей, адпаведна з гэтым думкi яго то пашыралiся, то сцiскалiся. Калi балела мацней, ён думаў толькi пра сам боль i пра жаданне есцi. Калi адпускала, яго ахоплiвала панiка. Былi хвiлiны, калi ён з такой дакладнасцю ўяўляў сабе ўсё, што яго чакае, што ў яго займала дух, а сэрца пачынала шалёна калацiцца. Ён адчуваў, як яго будуць бiць дубiнкамi па локцях i каванымi ботамi па костках; ён бачыў, як будзе поўзаць па падлозе, просячы лiтасцi праз выбiтыя зубы. Ён амаль не думаў пра Джулiю. Ён не мог засяродзiць на ёй свае думкi. Ён кахаў яе i не збiраўся ёй здрадзiць; але гэта было голае сцверджанне, ён проста ведаў гэта, як ведаў правiлы арыфметыкi. Ён не адчуваў кахання да яе, i наўрад цi яго цiкавiла, што з ёй сталася. Ён думаў часцей пра О'Браэна, думаў з нейкай мiгатлiвай надзеяй. О'Браэн павiнен ведаць, што яго арыштавалi. Братэрства, казаў ён, нiколi не спрабуе ўратаваць сваiх сябраў. Але ж лязо, яны прыслалi б лязо, калi б маглi. Прайшло б, можа, секунд пяць, перш чым ахоўнiк паспеў бы ўварвацца ў камеру. Лязо ўвайшло б у яго з нейкай пякучай сцюдзёнасцю i нават парэзала б да касцей пальцы, што яго трымалi. Усё гэта адгукалася ў яго нямоглым целе, якое дрыгатлiва сцiскалася ад найменшага болю. Ён не быў пэўны, цi ўжыве ён лязо, нават калi будзе мець такую магчымасць. Было ўсё ж натуральней iснаваць ад хвiлiны да хвiлiны, згаджаючыся пажыць яшчэ дзесяць хвiлiн, нават ведаючы, што пасля iх цябе чакае катаванне.

Часам ён спрабаваў падлiчыць колькасць кафляных плiтак у сцяне камеры. Гэта нiбыта было i няцяжка, але ён заўсёды збiваўся на тым або iншым месцы. Часцей яго хвалявала, дзе ён i каторая цяпер гадзiна. Нейкi момант ён адчуваў напэўна, што звонку быў дзень, у наступны ж момант яму з гэткай жа пэўнасцю здавалася, што там апраметная цемра. Тут жа, як ён здагадваўся, святло не выключалася нiколi. Гэта было месца, дзе няма цемры: цяпер ён зразумеў, чаму О'Браэн разгадаў яго намёк. У Мiнiстэрстве Любовi не было вокнаў. Яго камера магла знаходзiцца ў самай сярэдзiне будынка або пры яго вонкавай сцяне, на дзесятым паверсе пад зямлёй або на трыццатым над ёю. Ён у думках пераносiў сябе з месца на месца i спрабаваў вызначыць з цялесных адчуванняў, вiсеў ён высока ў паветры цi быў пахаваны глыбока пад зямлёй.

Пачуўся тупат ботаў. Сталёвыя дзверы з бразгатам расчынiлiся. Малады афiцэр, спраўная постаць у чорнай унiформе, на якiм, здавалася, усё блiшчала з ног да галавы i чый бледны, з правiльнымi рысамi, твар быў падобны да васковае маскi, порстка ўвайшоў у камеру. Ён даў знак ахоўнiкам увесцi вязня, якога яны прывялi. У камеру, ледзь цягнучы ногi, зайшоў паэт Эмплфорт. Дзверы з бразгатам зачынiлiся.

Эмплфорт зрабiў пару няпэўных рухаў у адзiн i ў другi бок, быццам думаў, што недзе тут былi другiя дзверы, праз якiя можна выйсцi, а пасля пачаў хадзiць сюды-туды па камеры. Пакуль што ён не заўважаў Ўiнстана. Трывожным позiркам ён вадзiў па сцяне на метр вышэй за Ўiнстанаву галаву. Ён быў босы; вялiкiя брудныя пальцы тырчалi з яго дзiравых шкарпэтак. Ён некалккi дзён не галiўся. Густая шчэць укрывала яго твар, надаючы яму хулiганскi выгляд, што неяк дзiўна спалучаўся з яго нязграбнай кволай постаццю i нервовымi рухамi.

Ўiнстан трохi схамянуўся. Ён мусiў загаварыць з Эмплфортам, рызыкуючы раззлаваць тэлегляд. Магчыма нават, што Эмплфорт якраз i прынёс лязо.

- Эмплфорт, - сказаў ён.

Тэлегляд маўчаў. Эмплфорт спынiўся, трошкi здзiўлены. Яго вочы павольна засяродзiлiся на Ўiнстане.

- А, Смiт! - сказаў ён. - I вы тут!

- Вас за што?

- Праўду сказаць... - ён нязграбна апусцiўся на лаву насупраць Ўiнстана. Iснуе толькi адно злачынства, цi не гэтак?

- I вы яго ўчынiлi?

- Вiдаць, так.

Ён паднёс руку да лоба i нацiснуў на скронi, нiбы спрабуючы нешта прыгадаць.

- Такое часам здараецца, - пачаў ён няпэўна. - Я магу прыгадаць адзiн выпадак - магчымую прычыну. Усё, вядома ж, праз неразважнасць. Мы рыхтавалi канчатковае выданне вершаў Кiплiнга. Я пакiнуў у канцы радка слова "Gоd". Я нiчога не мог зрабiць! - Дадаў ён амаль з абурэннем i паглядзеў на Ўiнстана. Змянiць радок было немагчыма. Рыфма была "rod". Уяўляеце сабе, ва ўсёй мове ёсць толькi дванаццаць рыфмаў да слова "rod"? Цэлымi днямi я тлумiў сабе галаву. Iншае рыфмы не было.

Выраз яго твару змянiўся. З яго знiкла прыкрасць, i на нейкi момант ён здаўся амаль што задаволеным. Нейкая iнтэлектуальная цеплыня, радасць навукоўца-педанта, якi адкрыў нiкому не патрэбны факт, блiснула на яго брудным няголеным аблiччы.

- Цi прыходзiла вам калi ў галаву, - сказаў ён, - што ўся гiсторыя ангельскай паэзii вызначалася тым, што ў ангельскай мове не стае рыфмаў?

Не, якраз гэтая думка нiколi не прыходзiла Ўiнстану ў галаву. А ў тых абставiнах яна не здалася яму надта важнай або цiкавай.

- Цi ведаеце вы, што цяпер - дзень цi ноч? - спытаўся ён.

Эмплфорт зноў паглядзеў здзiўлена.

- Я неяк не думаў пра гэта. Яны арыштавалi мяне днi два таму, а можа, тры, - яго позiрк гойсаў па сценах, нiбы ён спадзяваўся адшукаць акно. - Тут няма рознiцы памiж днём i ноччу. Не ведаю, цi можна тут увогуле сачыць за часам.

Яны гаварылi ўрыўкамi некалькi хвiлiн, i тады, без вiдавочнае прычыны, крык з тэлегляда загадаў iм замаўчаць. Ўiнстан цiхенька сеў i склаў рукi. Цыбаты i няўклюдны Эмплфорт не мог зручна ўсесцiся на вузкай лаве i шморгаў сюды-туды, абдымаючы худымi рукамi то адно калена, то другое, то абодва разам. Тэлегляд гыркнуў на яго, каб сядзеў спакойна. Час iшоў. Дваццаць хвiлiн, гадзiна - вызначыць было цяжка. З калiдора зноў пачуўся тупат ботаў. У Ўiнстана ўсё сцiснулася ўсярэдзiне. Хутка, вельмi хутка, можа, праз пяць хвiлiн, можа, зараз, гэты тупат будзе значыць, што прыйшла ягоная чарга.

Дзверы адчынiлiся. У камеру зайшоў малады афiцэр з ледзяным тварам. Адрывiстым рухам рукi ён паказаў на Эмплфорта.

- Пакой 101, - сказаў ён.

Эмплфорт няўклюдна патэпаў мiж двух ахоўнiкаў. На твары ў яго адбiвалася трывога i няўцямнасць.

Прайшло, як здалося, даволi шмат часу. Жывот забалеў яшчэ мацней. Ўiнстанавы думкi круцiлiся на адным месцы, як шар, што зноў i зноў трапляе ў тую самую лузу. Ён думаў толькi пра шэсць рэчаў: боль у жываце; кавалак хлеба; кроў i крыкi; О'Браэн; Джулiя; лязо. Зноў у яго ўсярэдзiне ўсё сцiснулася: наблiжаўся тупат ботаў. Калi расчынiлiся дзверы, хваля паветра прынесла з сабой моцны пах халоднага поту. У камеру ўвайшоў Парсанс. На iм былi шорты ахоўнага колеру i спартовая кашуля.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*