KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Фантастика и фэнтези » Научная Фантастика » Станислав Лем - Салярыс (на белорусском языке)

Станислав Лем - Салярыс (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Станислав Лем, "Салярыс (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

- Некалi манiхейства... - няўпэўнена пачаў Снаўт.

Дзiўная стрыманасць, з якой ён звяртаўся да мяне апошнiм часам, знiкла.

- Гэта не мае нiчога агульнага з дабром i злом, - адразу ж перапынiў я яго. - Гэты Бог не iснуе па-за матэрыяй i не можа ад яе пазбавiцца, ён толькi хоча гэтага...

- Падобнай рэлiгii я не ведаю, - сказаў Снаўт, памаўчаўшы. - Такая нiколi не была патрэбна. Калi я добра цябе зразумеў, а баюся, што зразумеў добра, ты думаеш пра нейкага эвалюцыйнага Бога, якi развiваецца ў часе i расце, уздымаецца на ўсё больш высокi ўзровень магутнасцi, дарастае да ўсведамлення сваёй бездапаможнасцi! Гэты твой Бог - iстота, для якой яе боскасць стала бязвыхадным становiшчам; зразумеўшы гэта, ён апынуўся ў роспачы. Але Бог у роспачы - гэта ж чалавек, праўда? Ты маеш на ўвазе чалавека... Гэта не толькi дрэнная фiласофiя, гэта нават дрэнная мiстыка.

- Не, - адказаў я ўпарта, - я не маю на ўвазе чалавека. Магчыма, некаторыя рысы майго Бога адпавядалi б такому папярэдняму азначэнню, але толькi таму, што яно вельмi недакладнае. Нам толькi здаецца, што чалавек вольны ў выбары мэты. Час, у якi ён нарадзiўся, навязвае яму мэту. Чалавек служыць гэтай мэце альбо супрацiўляецца ёй, але аб'ект служэння альбо бунту запраграмаваны яму звонку. Поўная свабода пошуку мэты магчыма, калi чалавек апынецца зусiм адзiн, але гэта немажлiва, бо чалавек, якi выхаваўся не сярод людзей, не можа стаць чалавекам. Гэты... мой Бог мусiць быць iстотай, пазбаўленай множнага лiку, разумееш?

- Ах, - прамовiў Снаўт, - як гэта я адразу...

Ён паказаў рукой на Акiян.

- Не, - запярэчыў я, - i не ён. Занадта рана сканцэнтраваўшы ўвагу на сабе, ён прамiнуў у сваiм развiццi магчымасць стаць боскасцю. Ён хутчэй самотнiк, пустэльнiк космасу, а не яго Бог... Ён паўтараецца, а той, пра каго я думаю, нiколi гэтага не зрабiў бы. А раптам ён узнiкне менавiта зараз, у нейкiм закуточку Галактыкi, i адразу з юнацкiм запалам пачне тушыць адны зоркi i запальваць другiя, а мы заўважым гэта толькi праз нейкi час...

- Мы ўжо гэта заўважылi, - кiсла прамовiў Снаўт. - Новыя i звышновыя... хiба гэта, па-твойму, свечкi на алтары?

- Калi ты хочаш усё, што я кажу, трактаваць так даслоўна...

- А мо менавiта Салярыс з'яўляецца калыскай твайго боскага немаўляцi, заўважыў Снаўт. Ад усмешкi вакол яго вачэй з'явiлiся тонкiя зморшчынкi. - Мо менавiта ён у тваiм разуменнi першааснова, зародыш Бога роспачнага, мо жыццёвая сiла яго маленства пакуль пераўзыходзiць яго розум, а ўсё тое, што знаходзiцца ў нашых салярыстычных бiблiятэках, проста доўгi пералiк яго немаўляцкiх рэфлексаў...

- А мы нейкi час былi яго цацкамi, - закончыў я. - Так, мажлiва. I ведаеш, што табе ўдалося? Стварыць абсалютна новую гiпотэзу на тэму планеты Салярыс, а гэта сапраўды няпроста! Вось i тлумачэнне, чаму немагчыма ўстанавiць Кантакт, чаму няма адказу, адкуль узнiкаюць некаторыя - скажам так - экстравагантнасцi ў стасунках з намi. Псiхiка маленькага дзiцяцi...

- Я адмаўляюся ад аўтарства, - прамармытаў Снаўт, спыняючыся ля iлюмiнатара.

Мы доўга пазiралi на чорныя хвалi. На ўсходнiм баку гарызонту з туману выступала бледная прадаўгаватая пляма.

- Адкуль у цябе з'явiлася iдэя недасканалага Бога? - раптам спытаўся Снаўт, не адводзячы позiрку ад залiтай святлом пустынi.

- Не ведаю. Яна мне здалася вельмi, вельмi праўдзiвай. Разумееш? Гэта адзiны Бог, якому я мог бы паверыць. Яго пакуты - не адкупленне, яны нiкога не забаўляюць, нiчому не служаць, яны проста iснуюць.

- Мiмоiд... - прамовiў зусiм цiха, змененым голасам Снаўт.

- Што ты сказаў? Ага, праўда. Я заўважыў яго яшчэ раней. Вельмi старажытны.

Мы абодва ўзiралiся ў гарызонт, ахутаны рыжаватым туманам.

- Я палячу, - нечакана сказаў я. - Тым больш што я яшчэ нi разу не пакiдаў Станцыi, а тут добрая аказiя. Я вярнуся праз паўгадзiны...

- Што? - Снаўт шырока расплюшчыў вочы. - Ты паляцiш? Куды?

- Туды, - я паказаў на ледзь прыкметную ў тумане светлую плямку. - А што? Я вазьму маленькi гелiкаптэр. Было б смешна, калi б - на Зямлi - мне давялося калi-небудзь прызнацца, што я салярыст, якi нi разу нават нагi не паставiў на салярысны грунт...

Я падышоў да шафы i пачаў выбiраць камбiнезон. Снаўт моўчкi назiраў за мной, а пасля сказаў:

- Не падабаецца мне гэта.

- Што? - павярнуўся я з камбiнезонам у руках. Мяне ахапiла даўно забытая ўзбуджанасць. - Што ты хочаш? Давай, кажы! Баiшся, каб я... Нонсенс! Слова гонару. Я нават не падумаў пра гэта. Не, праўда, не.

- Я палячу з табой.

- Дзякую, але я хачу ляцець адзiн. Гэта ж нешта новае, нешта зусiм новае, - прамовiў я хуценька, нацягваючы камбiнезон.

Снаўт казаў яшчэ нешта, але я не надта яго слухаў, шукаючы патрэбныя рэчы.

Ён пайшоў за мной на ўзлётную пляцоўку, дапамог выкацiць машыну з бокса на сярэдзiну пускавога стала. Калi я нацягваў скафандр, Снаўт нечакана спытаўся:

- Ты не адмаўляешся ад сваiх слоў?

- Божухна, Снаўт, ты зноў? Не, не адмаўляюся. Я ж абяцаў табе. Дзе запасныя балоны?

Больш нiчога Снаўт не казаў. Я закрыў празрысты купал i даў знак рукой. Ён уключыў пад'ёмнiк, я паволi выехаў на верх Станцыi. Матор збудзiўся, працяжна зашумеў, вiнт закруцiўся, i апарат надзiва лёгка ўзняўся ўгору, пакiнуўшы пад сабой серабрысты дыск Станцыi, якi ўсё змяншаўся i змяншаўся.

Упершыню я быў над Акiянам адзiн; уражанне зусiм iншае, чым з iлюмiнатара. Магчыма, гэта залежала ад вышынi палёту - я слiзгаў усяго за некалькi дзесяткаў метраў ад паверхнi. Толькi зараз я не проста ведаў, а адчуваў, што тлустыя гарбы i нiзiны, якiя пачаргова тасавалiся, рухалiся не як марскi прылiў альбо хмара, а як жывёлiна. Несупынна, хоць i вельмi марудна, як сутаргi мускулiстага тулава. Паварочваючыся, грэбень кожнай хвалi палаў чырвонай пенай. Калi я выканаў паварот, каб iсцi дакладна па курсе надзвычай марудна дрэйфуючага мiмоiда, сонца ўдарыла мне проста ў вочы, крывавыя водблiскi заiскрылiся ў выпуклым шкле, а сам Акiян стаў чарнiльна-сiнiм з плямамi цёмнага агню.

Я не надта ўдала зрабiў круг i вылецеў далёка на падветраны бок, а мiмоiд застаўся ззаду, яго недасканалыя абрысы шырокай светлай плямай вылучалiся ў Акiяне. Ён быў ужо не ружовы, ён жаўцеў, як высахлая костка, на iмгненне я страцiў яго з вачэй, замест яго ўдалечынi з'явiлася Станцыя, якая вiсела проста над Акiянам, як вялiзны старажытны дырыжабль. Я паўтарыў манеўр, сканцэнтраваў усю сваю ўвагу: проста па курсе вырастаў увесь масiў мiмоiда са сваiм дзiўным крутым рэльефам. Здавалася, я вось-вось зачаплюся за сама высокi з яго клубнепадобных выступаў, я так рэзка набраў вышыню, што гелiкаптэр, губляючы хуткасць, захiстаўся. Засцярога была лiшняя: акруглыя вяршынi дзiўных вежаў праплылi далёка ўнiзе. Я выраўнаваў машыну i пачаў паволi, метр за метрам збаўляць вышыню. Нарэшце ламаныя вяршынi замiльгалi над кабiнай. Мiмоiд быў невялiкi. Ён меў не больш за тры чвэрцi мiлi ў даўжыню, а шырыня яго была ўсяго паўмiлi. У асобных месцах мiмоiд звузiўся: неўзабаве там мусiў адбыцца разлом. Вiдаць, гэта быў асколак значна буйнейшага ўтварэння. Па салярысных маштабах ён уяўляў толькi дробны абломак, рэшткi, што налiчвалi Бог ведае колькi тыдняў i месяцаў.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*