Станислав Лем - Салярыс (на белорусском языке)
- Не працягвай. Я разумею. Добра. Я буду стаяць так, каб чуць толькi твой голас. Больш мне нiчога не трэба.
- Зараз я пазваню яму з лабараторыi. Я не буду зачыняць дзвярэй.
Хэры кiўнула. Я прайшоў праз сцяну чырвоных сонечных промняў у калiдор, якi, нягледзячы на штучнае асвятленне, здаваўся амаль чорным. Дзверы малой лабараторыi былi адчынены. Люстраныя рэшткi сасуда Дзюара, якiя ляжалi на падлозе каля вялiзных ёмiстасцей з вадкiм кiслародам, усё яшчэ нагадвалi пра начное здарэнне. Засвяцiўся маленькi экран. Калi я зняў трубку i набраў нумар радыёстанцыi, блакiтная занавеска, якая знутры закрывала матавае шкло, рассунулася, i Снаўт, нагнуўшыся з высокага крэсла, зiрнуў мне проста ў вочы.
- Вiтаю цябе, - прамовiў ён.
- Я прачытаў запiску. Хацеў з табою пагаварыць. Можна прыйсцi?
- Прыходзь. Зараз?
- Ага.
- Калi ласка. Ты... не адзiн?
- Не, адзiн.
Яго худы, бронзавы ад загару твар з глыбокiмi маршчынамi на лбе плыў у выпуклым шкле, як дзiўная рыба ў акварыуме.
- Ну-ну, - прамовiў ён шматзначна. - Я чакаю.
- Мы можам iсцi, каханая.
Я iмкнуўся гаварыць ажыўлена, заходзячы ў кабiну праз чырвоныя промнi, за якiмi бачыў толькi сiлуэт Хэры, але голас мой сарваўся. Хэры прырасла да крэсла: засунула рукi пад падлакотнiкi i сашчапiла пальцы. Яна занадта позна пачула мае крокi альбо не паспела хутка памяняць сваю страшную позу - не ведаю, але я паспеў убачыць, як яна змагаецца з той незразумелай сiлай, што схаваная ў ёй. Маё сэрца сцiснула сляпое, шалёнае абурэнне, змешанае са шкадаваннем. Мы моўчкi пайшлi па доўгiм калiдоры; рознакаляровая эмаль на яго сценах па задуме архiтэктара павiнна была пазбавiць ад аднастайнасцi знаходжанне ў металiчнай шкарлупiне. Я яшчэ здалёку заўважыў адчыненыя дзверы радыёстанцыi. Адтуль у глыбiню калiдора падала доўгая чырвоная паласа - i сюды даходзiла сонца. Я паглядзеў на Хэры - яна нават не спрабавала ўсмiхацца, засяроджана рыхтуючыся да барацьбы з сабой. Выпрабаваннi, якiя чакалi Хэры, ужо зараз змянiлi яе твар - ён стаў белым i худым. За некалькi крокаў да дзвярэй Хэры спынiлася, я павярнуўся да яе, кончыкамi пальцаў яна падштурхнула мяне, быццам кажучы: "Iдзi". I тут мае планы, Снаўт, эксперымент, уся Станцыя - усё здалося мне гэткiм дробязным у параўнаннi з тымi пакутамi, якiя чакалi тут яе. Я адчуў сябе катам i хацеў ужо вярнуцца назад, але шырокую сонечную паласу, надламаную на сцяне калiдора, засланiў цень чалавека. Я хуценька зайшоў у кабiну. Снаўт чакаў мяне ля дзвярэй. Чырвонае сонца стаяла проста за iм, i пурпуровы водблiск гарэў у яго сiвых валасах. Мы даволi доўга моўчкi пазiралi адзiн на аднаго. Здавалася, Снаўт вывучаў мяне. Аслеплены сонцам, я дрэнна бачыў выраз яго твару. Я абышоў Снаўта i спынiўся каля высокага пульта, на якiм тырчалi гнуткiя сцяблiны мiкрафонаў. Снаўт марудна павярнуўся, спакойна назiраючы за мной з ранейшай грымасай, якая ўспрымалася то як усмешка, то выдавала стомленасць. Не зводзячы з мяне вачэй, Снаўт падышоў да металiчнай, на ўсю сцяну шафы, перад якой з абодвух бакоў узвышалiся абы-як зваленыя кучы радыёдэталяў, тэрмiчныя акумулятары i розны iнструмент, паставiў туды крэсла i сеў, абапiраючыся спiнай на эмалiраваныя дзверцы.
Наша маўчанне станавiлася дзiўным. Я засяроджана прыслухоўваўся да цiшынi, што панавала ў калiдоры, дзе засталася Хэры, але адтуль нiчога не было чуваць.
- Калi ў вас усё будзе гатова? - спытаўся я.
- Мы маглi б пачаць хоць сёння, але запiс запатрабуе яшчэ крыху часу.
- Запiс? Ты маеш на ўвазе энцэфалаграму?
- Ага, ты ж згадзiўся. А што?
- Ды так, нiчога.
- Я слухаю цябе, - прамовiў Снаўт праз нейкi час.
- Яна ўсё ведае... пра сябе, - ледзь чутна прамовiў я.
Бровы Снаўта палезлi ўгору.
- Ведае?
Мне здалося, што Снаўт толькi прытвараецца здзiўленым. Чаму ён прытвараецца? У мяне адразу прапала жаданне гаварыць, але я перасiлiў сябе. Трэба быць хоць бы лаяльным, падумаў я, калi нiчога iншага не застаецца.
- Яна пачала здагадвацца, вiдаць, пасля нашай размовы ў бiблiятэцы, назiрала за мной, супастаўляла факты, пасля знайшла магнiтафон Гiбарыяна i паслухала запiс...
Снаўт па-ранейшаму абапiраўся на шафу, але ў яго ў вачах загарэлiся iскры. Я стаяў ля пульта насупраць дзвярэй, прачыненых у калiдор. Я працягваў яшчэ цiшэй:
- Сёння ноччу, калi я спаў, яна спрабавала скончыць самагубствам. Вадкi кiсларод...
Нешта зашамацела, я сцiшыўся, прыслухаўся - гук даносiўся не з калiдора. Дзесьцi зусiм блiзка шкрэблася мыш... Мыш? Глупства! Адкуль тут мышы? Я пiльна зiрнуў на Снаўта.
- Слухаю цябе, - спакойна прамовiў Снаўт.
- Вядома, ёй гэта не ўдалося... ва ўсякiм разе яна ведае, хто яна.
- Навошта ты расказваеш пра гэта мне? - раптам спытаўся Снаўт.
Я не адразу скемiў, што яму адказаць.
- Хачу, каб ты арыентаваўся... каб ведаў, што адбываецца, - прамармытаў я.
- Я папярэджваў цябе.
- Iнакш кажучы, ты ведаў. - Я мiжволi павысiў голас.
- Не. Вядома ж, не. Але я тлумачыў табе, як усё адбываецца. Кожны "госць", калi ён з'яўляецца, амаль што фантом, нягледзячы на бязладную мешанiну ўспамiнаў i вобразаў, атрыманых ад свайго... Адама... "госць", па сутнасцi, пусты. Чым больш знаходзiцца ён з табой, тым больш ачалавечваецца i становiцца ўсё больш самастойным, вядома, да пэўнай мяжы. I чым даўжэй гэта працягваецца, тым цяжэй...
Снаўт памаўчаў, паглядзеў на мяне спадылба i абыякава спытаўся:
- Яна ўсё ведае?
- Так, я ж сказаў табе.
- Усё? I тое, што адзiн раз была тут, а ты...
- Не!
Снаўт усмiхнуўся:
- Паслухай, Кельвiн, калi гэта зайшло так далёка... што ты думаеш рабiць? Пакiнуць Станцыю?
- Так.
- З ёй?
- Ага.
Снаўт змоўк, разважаючы над маiмi адказамi, але ў яго маўчаннi было нешта яшчэ... Што? Зноў быццам штосьцi зашамацела зусiм блiзка, за тонкай перагародкай. Снаўт заёрзаў на крэсле.
- Выдатна, - прамовiў ён. - Чаму ты пазiраеш на мяне так дзiўна? Ты лiчыў, што я буду перашкаджаць табе? Рабi як хочаш, мой дарагi. Ну i малайцы мы з табой, калi б пачалi яшчэ i прымушаць адзiн аднаго! Я не збiраюся ўгаворваць цябе, скажу толькi - ты iмкнешся ў нечалавечых умовах застацца чалавекам. Мо гэта i прыгожа, але зусiм недарэчна. Зрэшты, я нават не ведаю, цi прыгожа. Хiба глупства можа быць прыгожым? Не ў тым справа. Ты адмаўляешся працягваць эксперыменты, хочаш адступiцца, забраўшы яе? Так?
- Так.
- Але гэта таксама... эксперымент. Чуеш?
- Што ты маеш на ўвазе? Цi здолее... яна?.. Калi разам са мной, то не бачу...
Я гаварыў усё больш павольна, пасля зусiм сцiх. Снаўт уздыхнуў:
- Кельвiн, усе мы, як страўсы, хаваем галаву ў пясок, але мы ва ўсякiм разе ведаем пра гэта i не разлiчваем на высакароднасць.
- Я нiчога не хачу i не разлiчваю.
- Добра. Я не хацеў цябе пакрыўдзiць. Свае словы пра высакароднасць я забiраю назад, але словы пра страўсаў застаюцца ў сiле. Асаблiва гэта датычыць цябе. Ты падманваеш не толькi яе, але i сябе, галоўным чынам сябе. Ты ведаеш умовы стабiлiзацыi сiстэмы, пабудаванай з нейтрыннай матэрыi?