Герберт Уэллс - Вайна сусветаў (на белорусском языке)
Убачыўшы iх, святар ускрыкнуў здушаным голасам i кiнуўся бегчы. Ведаючы, што не ўцяку, я збочыў крыху i папоўз сярод мокрага ад расы цярноўнiку i крапiвы ў шырокую канаву ўзбоч дарогi. Святар азiрнуўся, убачыў, што я раблю, i падбег да мяне.
Два марсiянiны спынiлiся; першы ад нас стаяў, павярнуўшыся да Санбэры; другi маячыў сiвой бясформенай масай пад вячэрняй зоркай над Стэйнсам.
Выццё марсiянаў зацiхла, i кожны з iх моўчкi заняў сваё месца на агромнiстай падкове, якая ахоплiвала ямы з цылiндрамi. Адлегласць памiж канцамi падковы была каля дванаццацi мiляў. Нiводнага разу яшчэ з часоў вынаходнiцтва пораху пабоiшча не пачыналася сярод такой цiшынi. З Рыплi было вiдаць тое ж, што бачылi мы: марсiяне адны ўзвышалiся ў густым змроку, асветленыя бледным месяцам, зорамi, водблiскам заходу сонца i чырванаватым зарывам над Сент-Джордж-Хiлам i лясамi Пэйн-Хiла.
Але супраць наступаючых марсiянаў паўсюдна - каля Стэйнса, Хаўнслоў, Дзiтана, Эшэра, Окхема, за пагоркамi i лясамi на поўдзень ад ракi i за роўнымi сакаўнымi лугамi на поўнач ад яе, прыхаваныя дрэвамi i дамамi, былi выстаўлены гарматы. Сiгнальныя ракеты ўзвiвалiся i рассыпалiся iскрамi ў змроку; батарэi лiхаманкава рыхтавалiся да бою. Варта было марсiянам толькi ступiць за лiнiю агню, як усе гэтыя нерухомыя людзi, i ўсе гэтыя пушкi, паблiскваючы ў ранiшнiх прыцемках, выбухнулi б навальнiчнай раз'юшанасцю.
Тысячы людзей, якiя прагульвалiся гэтай ноччу гэтак жа як я, несумненна, ламалi галовы над тым, цi разумеюць нас марсiяне. Цi зразумелi яны, што нас мiльёны i што мы арганiзаваныя, дысцыплiнаваныя i дзейнiчаем згодна? Цi для iх нашы выстрэлы, нечаканыя выбухi снарадаў, настойлiвая асада iх умацаванняў тое ж самае, што для нас нападзенне патрывожанага, разварушанага вулея? А можа, яны думаюць, што нас усiх можна знiшчыць? (У той час яшчэ нiхто не ведаў, чым харчуюцца марсiяне.) Сотнi такiх пытанняў непакоiлi мяне, пакуль я назiраў за вартавымi марсiянамi. Разам з тым я думаў аб супрацiўленнi, якое сустрэне iх на шляху ў Лондан. Цi выкапаны ямы-пасткi? Цi пашанцуе завабiць iх да парахавых заводаў у Хаўнслоў? Цi хопiць у лонданцаў мужнасцi ператварыць у новую полымнеючую Маскву свой агромнiсты горад?
Нам падалося, што мы бясконца доўга паўзлi па зямлi паўз плот, час ад часу цiкуючы з-за яго; нарэшце пачуўся гул аддаленага гарматнага выстрэлу. Затым другi - крыху блiжэй - i трэцi. Тады першы ад нас марсiянiн высока падняў сваю трубу i выстралiў з яе, як з пушкi, аж задрыжала ад грукату зямля. Марсiянiн каля Стэйнса паўтарыў тое самае. Пры гэтым пачуўся толькi гул выбуху: нi ўспышкi, нi дыму.
Гэтыя паслядоўныя выбухi настолькi мяне ўразiлi, што я, забыўшыся пра небяспеку, палез на плот паглядзець, што адбываецца каля Санбэры. Зноў раздаўся выстрэл, i вялiзны снарад праляцеў высока нада мною ў бок Хаўнслоў. Я хацеў убачыць цi дым, цi агонь, цi якую-небудзь iншую прымету яго разбуральнага дзеяння, але ўбачыў толькi цёмна-сiняе неба з адзiнокай зоркаю i белы туман, якi слаўся па зямлi. I нiводнага выбуху з таго боку, нiводнага выстрэлу ў адказ. Усё сцiхла. Прайшла пакутлiвая хвiлiна.
- Што здарылася? - спытаў святар, стоячы побач са мною.
- Адзiн бог ведае! - адказаў я.
Праляцеў i знiк кажан. Здалёк данёсся i замёр шум галасоў. Я глянуў на марсiянiна; ён хутка рухаўся на ўсход паўз бераг рэчкi.
Я чакаў, што вось-вось на яго накiруюць агонь якой-небудзь прыхаванай батарэi, але начная цiша не парушалася. Фiгура марсiянiна памяншалася i неўзабаве яна знiкла ў тумане ў густой цемнаце. Падагрэтыя цiкаўнасцю, мы ўзабралiся яшчэ вышэй. Каля Санбэры, засланяючы гарызонт, вiднелася нейкая цёмная пляма накшталт свежанасыпанага канiчнага пагорка. Над Уолтанам, за ракою, мы заўважылi гэткае ж узвышэнне. Гэтыя дзве плямы, падобныя на пагоркi, на нашых вачах цямнелi i распаўзалiся.
Падпарадкоўваючыся незразумеламу iмпульсу, я зiрнуў на поўнач i ўбачыў там трэцi чорны, задымлены пагорак.
Было надзвычай цiха. Толькi далёка на паўднёвым усходзе сярод цiшынi пераклiкалiся марсiяне. Затым паветра зноў здрыганулася ад аддаленага выбуху iх гарматаў. Зямная артылерыя маўчала.
Мы тады не маглi зразумець, што адбываецца; пазней я даведаўся, што азначалi гэтыя злавесныя чорныя хмары, якiя распаўзалiся ў цемры. Кожны марсiянiн са сваёй пазiцыi на той агромнiстай падкове, арыентуючыся на нейкi невядомы сiгнал, страляў са сваёй пушкi-трубы па пагорках, лясках, групах дамоў, па ўсiм, што магло служыць схоўкай нашых гарматаў. Адны марсiяне выпусцiлi па снараду, другiя па два, як, напрыклад, той, якога мы бачылi. Марсiянiн каля Рыплi, кажуць, выпусцiў не менш чым пяць. Стукнуўшыся аб зямлю, снарады раколвалiся - яны не ўзрывалiся, - i тады ж над iмi ўздымалася воблака шчыльнай цёмнай пары, потым воблака асядала, утвараючы вялiзны чорны газавы пагорак, якi паволi распаўзаўся па зямлi. Дотык гэтага газу, удых яго атрутных кольцаў заканчвалiся смерцю для ўсяго жывога.
Гэты газ быў цяжкi, цяжэйшы нават за самы густы дым; пасля iмклiвага ўзлёту ён асядаў на зямлю i залiваў яе, быццам вадкасць, сцякаючы з пагоркаў i накiроўваючыся ў лагчыны, адхоны, у руслы рэк, падобна да таго, як сцякае вуглекiслата пры выхадзе з трэшчынаў вулкана. Пры судакрананнi газу з вадой адбывалася нейкая хiмiчная рэакцыя, а паверхня вады ў тую ж хвiлiну пакрывалася пылепадобным накiпам, якi вельмi паступова асядаў. Гэты накiп не раствараўся, таму, нягледзячы на ядавiтасць газу, ваду пасля выдалення з яе асадку можна было пiць бясшкодна для здароўя. Гэты газ не дыфундзiраваў, як усякi iншы газ. Ён вiсеў пластамi, паволi сцякаў па схiлах, не рассейваўся на ветры, мала-памалу змешваўся з туманам i атмасфернай вiльгаццю i асядаў на зямлю ў выглядзе пылу. Мы да гэтага часу нiчога не ведаем пра састаў гэтага газу; вядома толькi, што ў яго ўваходзiў нейкi новы элемент, якi даваў чатыры лiнii ў блакiтнай частцы спектру.
Гэты чорны газ так шчыльна прылягаў да зямлi (раней нават, чым пачыналася асяданне), што на вышынi пяцi-дзесяцi футаў, на стрэхах, у верхнiх паверхах высокiх дамоў i на высокiх дрэвах можна было ўратавацца ад яго; гэта пацвердзiлася той жа ноччу ў Стрыт-Кобхеме i Дзiтане.
Чалавек, якi выратаваўся ў Стрыт-Кобхеме, перадаваў дзiўныя падрабязнасцi аб кольцавым патоку гэтага газу; ён глядзеў унiз з царкоўнай званiцы i бачыў, як дамы, паселiшчы выступалi з чарнiльнай цемнаты, быццам зданi. Ён прасядзеў там паўтара дня, знясiлены стомленасцю, голадам i холадам. Зямля пад блакiтным небам здавалася пакрытай чорным аксамiтам; дзе-нiдзе ў промнях сонца выступалi чырвоныя дахi i зялёныя вершалiны дрэваў; кусты, брамы, хлявы, прыбудоўкi i сцены дамоў здавалiся пакрытымi чорным флёрам.
Так было i ў Стрыт-Кобхеме, дзе чорны газ сам па сабе асеў на зямлю. Увогуле ж марсiяне, пасля таго, як газ выконваў сваё прызначэнне, ачышчалi паветра, накiроўваючы на газ струмень пары.