Джордж Оруэлл - Ферма (на белорусском языке)
Каля паловы ўсiх жывёлаў кiнулiся да пагорка, на якiм стаяў вятрак. Баксёр ляжаў мiж аглобляў, выцягнуўшы шыю, i не мог нават падняць галавы. Вочы ў яго зацьмелiся, бакi набрынялi потам. З рота лiўся тонкi струменьчык крывi. Канюшынка прысела каля яго на каленi.
- Баксёр! - закрычала яна. - Што з табою?
- Нешта з лёгкiмi, - адказаў Баксёр слабым голасам. - Нiчога страшнага. Я думаю, вы здолееце скончыць вятрак i без мяне. Назбiралася ўжо ладная куча камення. А мне застаўся ўжо хiба якi месяц. Сказаць праўду, я даўно ўжо марыў пра адпачынак. А можа, як Бэнджамiн ужо таксама стары, яны дазволяць яму пайсцi на пенсiю разам са мною, i тады мне не будзе сумна.
- Яму трэба хутчэй дапамагчы, - сказала Канюшынка. - Хай хто збегае да Вiскуна i скажа, што здарылася.
I ўсе астатнiя жывёлы кiнулiся да сядзiбы, каб пераказаць навiну Вiскуну. Засталiся толькi Канюшынка i Бэнджамiн, якi лёг побач з Баксёрам i адганяў ад яго мух сваiм даўгiм хвастом. Недзе праз чвэрць гадзiны з'явiўся Вiскун, поўны спачування i спагады. Ён сказаў, што таварыш Напалеон з вялiкiм засмучэннем успрыняў вестку пра няшчасце, якое здарылася з адным з сама верных працаўнiкоў на ферме, i ўжо робiць захады, каб паслаць Баксёра на лячэнне ў Уiлiнгдонскi шпiталь. Ад гэтай навiны жывёлам зрабiлася крыху няёмка. Апроч Молi i Сняжка, нiводная жывёлiна яшчэ нi разу не пакiдала фермы, i iм непрыемна было думаць, што iх хворы таварыш трапiць у рукi чалавечым iстотам. Аднак Вiскун лёгка пераканаў iх, што ветэрынарны лекар у Ўiлiнгдоне здолее дагледзець Ваксёра значна лепш, чым гэта можна было зрабiць на ферме. I праз якiх паўгадзiны, калi Баксёр крышку ачуняў, ён з цяжкасцю ўстаў на ногi i памалу пакульгаў да свайго стойла, дзе Канюшынка i Бэнджамiн падрыхтавалi яму добры саламяны подсцiл.
Два наступныя днi Баксёр заставаўся ў стойле. Свiннi прыслалi вялiкую бутлю з нейкiм ружовым зеллем, якую яны знайшлi ў медыцынскай скрынi ў ванным пакоi, i Канюшынка давала яго Баксёру двойчы на дзень пасля ежы. Вечарамi яна ляжала побач з iм у стойле i гаварыла з iм, а Бэнджамiн тым часам адганяў ад яго мух. Баксёр прызнаваўся, што ён не шкадуе аб тым, што здарылася. Калi ён паздаравее, дык зможа пражыць яшчэ гады тры, i ён марыў пра спакойныя днi, калi будзе адпачываць у зацiшным кутку вялiкага выгану. Упершыню ён будзе мець досыць вольнага часу, каб вучыцца i практыкаваць свой розум. Ён збiраўся, як сам казаў, прысвяцiць усё сваё астатняе жыццё вывучэнню астатнiх дваццацi дзвюх лiтар алфавiта.
Аднак Бэнджамiн i Канюшынка маглi быць разам з Баксёрам толькi пасля працы, а фургон, што меўся забраць яго, прыехаў якраз у сярэдзiне працоўнага дня. Усе жывёлы працавалi на праполцы рэпы пад наглядам свiннi, калi яны раптам са здзiўленнем убачылi, як Бэнджамiн ляцiць наўзгалоп ад фермы, крычучы на ўсю глотку. Упершыню яны бачылi Бэнджамiна ўзрушанага i ўпершыню бачылi, як ён бяжыць. "Хутчэй, хутчэй! - крычаў ён. - Сюды! Баксёра забiраюць!" Не чакаючы загаду ад свiннi, жывёлы спынiлi працу i кiнулiся бегчы да будынкаў. I праўда, на двары стаяў вялiкi закрыты фургон, у якi была ўпрэжана пара коней, на баку было нешта напiсана, а за фурмана сядзеў хiтраваты чалавек у насунутым на вочы капелюшы. I Баксёрава стойла было пустое.
Жывёлы скупiлiся вакол фургона. "Бывай, Баксёр, - крычалi яны хорам, бывай!"
- Дурнi! Дурнi! - закрычаў Бэнджамiн, скачучы вакол iх i б'ючы аб зямлю сваiмi маленькiмi капытамi. - Дурнi! Вы што, не бачыце, што напiсана на фургоне?
Жывёлы на хвiлiну задумалiся, i стала цiха. Мюрыэль пачала чытаць па складах. Але Бэнджамiн адштурхнуў яе i прачытаў сярод мёртвай цiшынi:
- "Элфрэд Сiмандс, канарэз i клеявар, Уiлiнгдон. Лупленне скур i выраб касцяной мукi. Дастаўка сабачых будак". Вы што, не разумееце, што гэта значыць? Яны вязуць Баксёра на скуралупню!
Ва ўсiх жывёлаў вырваўся крык жаху. У гэтую хвiлiну чалавек сцебануў коней, i тыя хуткай рыссю павезлi фургон прэч з двара. Жывёлы пабеглi за iм, крычучы што мелi сiлы. Канюшынка вырвалася наперад. Фургон пачаў набiраць хуткасць. Канюшынка паспрабавала перайсцi на галоп, перабiраючы сваiмi тоўстымi нагамi. "Баксёр! - крычала яна. - Баксёр! Баксёр! Баксёр!" I якраз у гэты момант, нiбы пачуўшы шум i крыкi звонку, Баксёр высунуў галаву з белай паласой на носе з маленькага акенца ў задняй сценцы фургона.
- Баксёр! - закрычала страшным голасам Канюшынка. - Баксёр! Уцякай! Уцякай хутчэй! Яны хочуць цябе забiць!
Усе жывёлы падхапiлi крык: "Уцякай, Баксёр, уцякай!" Але фургон усё хутчэй i хутчэй аддаляўся ад iх. Невядома, цi зразумеў Баксёр тое, што сказала яму Канюшынка. Але праз хвiлiну галава яго знiкла з акенца i пачуўся страшэнны стукат капытоў у фургоне. Ён спрабаваў вырвацца. Былi часы, калi пары ўдараў Баксёравых капытоў хапiла б, каб разбiць гэты фургон на трэскi. Але, на жаль, колiшняя сiла пакiнула яго; i праз некалькi хвiлiн стукат капытоў зрабiўся слабейшы, а пасля зусiм сцiх. У роспачы жывёлы пачалi заклiкаць двух коней, што везлi фургон, каб яны спынiлiся. "Таварышы, таварышы! - крычалi яны. - Не вязiце вашага брата на смерць!" Але дурныя стварэннi, занадта бязглуздыя, каб зразумець, што робiцца, апусцiлi вушы i пабеглi яшчэ хутчэй. Баксёрава галава больш не паказвалася ў акенцы. Нехта надумаў забегчы наперад i зачынiць цяжкую браму, але было позна: праз хвiлiну фургон мiнуў браму i неўзабаве знiк за паваротам. Больш Баксёра нiколi не бачылi.
Праз тры днi было абвешчана, што ён памёр у Ўiлiнгдонскiм шпiталi, нягледзячы на ўсю дапамогу з боку лекараў. Вiскун пераказаў гэтую навiну астатнiм. Ён прысутнiчаў, як ён сказаў, пры апошнiх гадзiнах Баксёравага жыцця.
- Гэта было сама кранальнае вiдовiшча, якое я толькi бачыў, - сказаў Вiскун, падняўшы нагу i змахнуўшы слязу. - Я быў каля ложка да апошняй хвiлiны. Перад самай смерцю, ужо не могучы гаварыць ад слабасцi, ён прашаптаў мне на вуха, што яго засмучае толькi тое, што ён адыходзiць, калi вятрак яшчэ недабудаваны. "Наперад, таварышы, - прашаптаў ён. - Наперад у iмя Паўстання. Няхай жыве Ферма Жывёлаў! Няхай жыве таварыш Напалеон! Напалеон заўсёды кажа праўду". Такiя былi яго апошнiя словы, таварышы.
Раптам у паводзiнах Вiскуна наступiла змена. На хвiлiну ён змоўк, пасля, перш чым прадоўжыць, падазрона зiркнуў у бакi сваiмi маленькiмi вочкамi.
Яму сталася вядома, сказаў ён, што пад час адпраўкi Баксёра распускалiся благiя i злосныя чуткi. Некаторыя жывёлы заўважылi, што на фургоне, якi адвозiў Баксёра, было напiсана "канарэз", i таму iм прыйшло ў галаву, што Баксёра вязуць на скуралупню. Проста неверагодна, казаў Вiскун, што нехта з жывёлаў можа быць такi дурны. Вядома ж, крычаў ён з абурэннем, круцячы хвастом i скачучы сюды-туды, яны ведаюць iх любiмага Правадыра таварыша Напалеона i давяраюць яму. Тлумачэнне ж было вельмi простае. Фургон раней належаў скуралупу i быў прададзены ветэрынарнаму лекару, якi яшчэ не зафарбаваў старога надпiсу. Вось адкуль узялася памылка.