Рэй Брэдбери - Кавалак дрэва (на белорусском языке)
- Зраблю я сабе паметку, хвiлiначку, - ён палез па шарыкавую ручку, - не вешайце трубку, зараз, зараз. Вечна некуды падзену, - ён паляпаў па кiшэнях, толькi што была, не вешайце трубку, - ён адклаў трубку i абмацаў стол, высоўваючы шуфляду за шуфлядай. Яшчэ раз праверыў кiшэнi. Знерухомеў. Рукi зноў марудна спаўзлi ў кiшэнi i сталi зандзiраваць iх. Ён глыбока запусцiў вялiкi i ўказальны пальцы i выцягнуў дробку нечага незразумелага. Высыпаў гэта на стол: дробны, як пудра, жаўтавата-чырвоны ржавы парашок.
Нейкае iмгненне ён сядзеў, тупа ўтаропiўшыся на парашок. Потым узяў трубку.
- Мэт'юд, - сказаў ён, - падключайцеся хутчэй. - Шчоўкнула, i ён набраў другi нумар.
- Ало, прапускны пункт, слухайце ўважлiва: у любую хвiлiну можа з'явiцца мужчына, вы яго ведаеце, гэта сяржант Холмз, спынiце яго, падстрэльце яго, калi што якое - забiце, нiякiх пытанняў, забiце, як сабаку, зразумела, гэта я загадваю! Так, забiце яго, зразумела?!
- Але, сэр, - данёсся разгублены голас з другога канца провада, - я не магу, я проста не магу...
- Як разумець - не магу, чорт вазьмi!
- Разумееце... - маўчанне. Толькi цяжкае дыханне паставога ў трубку.
Чыноўнiк затрос тэлефон.
- Слухайце мяне, увага, прыцэлiцца!
- Я нiкога не магу забiць, - сказаў паставы.
Чыноўнiк упаў ў крэсла. Iмгненне ён сядзеў, задыхаючыся ў страшэнным трызненнi. Там, знадворку - ён гэта ведаў без лiшнiх слоў, без позiрку склады са зброяй асыпалiся мяккiм чырвоным iржавым пылам, самалёты ў клубах рудой iржы адляталi ў нiкуды, а танкi, як дыназаўры, пагружалiся, марудна пагружалiся ў расплаўлены асфальт (цi не пра гэта гаварыў сяржант?), асядалi ў ямах дзёгцю. Грузавiкi, быццам мыльныя бурбалкi, лопалiся ў жоўтым iржавым дыме, i толькi непатрэбныя цяпер шафёры ды шыны ўперамешку валялiся ўздоўж дарог.
- Сэр... - сказаў паставы, якi бачыў усё гэта, - о, госпадзi...
- Ало, ало! - закрычаў Чыноўнiк. - Бяжыце за iм, даганiце, задушыце рукамi, забiце кулакамi, паламайце яму рэбры, забiце да смерцi, рабiце што хочаце, толькi забiце! Зараз я буду ў вас. - I ён павесiў трубку.
Машынальна высунуў нiжнюю шуфляду ў стале, дзе ляжаў службовы пiсталет. У новай скураной кабуры засталася толькi жменька рудой iржы. Ён вылаяўся i куляй вылецеў з пакоя. На хаду схапiў крэсла. Дрэва, падумаў ён, добрае, старое дрэва, добры, стары клён. Двойчы ён ударыў крэслам аб сцяну, i тое паддалося. Потым ён схапiў ножку i сцiснуў у руках.
Твар яго палаў, дыханне з хрыпам вырывалася з разяўленага рота. Ён прымерыўся ножкай.
- Выдатна, чорт вазьмi, наперад! - зароў ён.
I з крыкам выскачыў, шалёна бразнуўшы дзвярыма.