KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Фантастика и фэнтези » Научная Фантастика » Джордж Оруэлл - Ферма (на белорусском языке)

Джордж Оруэлл - Ферма (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Джордж Оруэлл, "Ферма (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Тым часам надвор'е перамянiлася i пачалося вясновае ворыва. Паветка, у якой Сняжок маляваў свае чарцяжы, была замкнёная, i лiчылася, што гэтыя чарцяжы былi сцертыя з падлогi. Кожную нядзелю ранiцай а дзесятай гадзiне жывёлы збiралiся ў вялiкiм гумне, каб атрымаць загады на тыдзень. Чэрап старога Маёра, цяпер ужо зусiм голы, выкапалi з магiлы ў садзе i прычапiлi на калку каля флагштока, побач са стрэльбай. Пасля ўзняцця сцяга жывёлы мусiлi ўрачыстым шыхтам прайсцiся мiма чэрапа, перш чым увайсцi ў гумно. Цяпер яны ўжо не сядзелi ўсе разам, як некалi раней. Напалеон з Вiскуном i яшчэ адным парсюком, якога звалi Малятка i якi меў незвычайны талент складаць песнi i паэмы, сядзелi наперадзе на прыўзнятай пляцоўцы, вакол iх паўколам сядзела дзевяць маладых сабак, а iншыя свiннi сядзелi ззаду. Астатнiя жывёлы сядзелi насупраць iх у сярэдзiне гумна. Напалеон чытаў загады на тыдзень, складзеныя ў грубым вайсковым стылi, i пасля аднаразовага адспявання "Звяроў Брытанii" ўсе жывёлы разыходзiлiся.

Трэцяе нядзелi пасля выгнання Сняжка жывёлы з немалым здзiўленнем пачулi паведамленне Напалеона, што вятрак усё ж будзе пабудаваны. Ён не падаў нiякiх прычынаў гэткай змены сваiх намераў, а проста папярэдзiў жывёлаў, што гэтае дадатковае заданне будзе вымагаць вельмi цяжкае працы; магчыма нават, што давядзецца скарацiць харчовыя нормы. Усе праекты былi ўжо падрыхтаваныя да апошняй драбнiцы. Адмысловы свiны камiтэт працаваў над iмi на працягу трох тыдняў. Прадугледжвалася, што пабудова ветрака, разам з iншымi перадавымi пераменамi, зойме два гады.

Гэтым вечарам Вiскун тлумачыў прыватна iншым жывёлам, што Напалеон у сапраўднасцi нiколi не быў супраць ветрака. Наадварот, якраз ён баранiў гэтую iдэю з самага пачатку, а чарцёж, якi Сняжок намаляваў на падлозе ў iнкубатары, быў выкрадзены з Напалеонавых папер. Такiм чынам, вятрак быў вынаходкай самога Напалеона. Чаму ж тады, спытаўся нехта, ён так зацята выступаў супраць яго? На гэта Вiскун з аблуднай усмешкай адказаў, што гэта была наўмысная хiтрасць таварыша Напалеона. Ён рабiў выгляд, што выступае супраць ветрака, хочучы проста пазбавiцца ад Сняжка, якi быў небяспечны элемент i дрэнна ўплываў на астатнiх. Цяпер, калi Сняжок прыбраны з дарогi, гэты праект можна было смела ажыццяўляць, не баючыся ягоных падкопаў. Гэта, сказаў Вiскун, называецца тактыкай. Ён паўтарыў некалькi разоў: "Тактыка, таварышы, тактыка!", скачучы навокал, круцячы хвастом i весела смеючыся. Жывёлы не ведалi дакладна, што значыць гэтае слова, але Вiскун гаварыў так пераканаўча, а тры сабакi, што выпадкова апынулiся пры iм, вурчэлi так пагрозлiва, што яны пагадзiлiся з яго тлумачэннямi без лiшнiх пытанняў.

VI

Увесь гэты год жывёлы працавалi, як рабы. Але яны былi шчаслiвыя; яны не шкадавалi сiлы i ахвотна iшлi на ахвяры, бо добра ведалi, што ўсё, што яны рабiлi, было для iх самiх i для тых пакаленняў, якiя прыйдуць пасля iх, а не для жменькi лайдакоў i зладзеяў, што ходзяць на дзвюх нагах.

Усю вясну i лета яны працавалi шэсцьдзесят гадзiн на тыдзень, а ў жнiўнi Напалеон паведамiў, што яны будуць працаваць таксама i ў нядзелi пасля абеду. Праца гэтая была строга добраахвотная, але любая жывёлiна, што самачынна адхiлялася ад працы, пазбаўлялася паловы сваёй харчовай нормы. I нават пры гэткiх умовах ад некаторых работ давялося адмовiцца. Ураджай быў крыху горшы, чым летась, i два палеткi, якiя планавалi засеяць караняплодамi на пачатку лета, засталiся незасеяныя, бо iх спазнiлiся ўзараць. Можна было прадбачыць, што ферму чакала цяжкая зiма.

Вятрак дадаваў штораз новых нечаканых цяжкасцяў. На ферме былi добрыя паклады вапняку, а ў адной баковачцы знайшлося шмат пяску i цэменту, так што ўсе будаўнiчыя матэрыялы былi пад рукою. Але праблемаю, якую спачатку жывёлы нiяк не маглi вырашыць, было, як разбiць камянi на кавалкi патрэбных памераў. Здавалася, што гэта нельга было зрабiць iнакш, як з дапамогаю кiркi i лома, якiмi нiводная жывёла не магла карыстацца, бо нiводная жывёла не магла стаяць на заднiх нагах. Толькi пасля некалькiх тыдняў марных намаганняў некаму прыйшла ў галаву разумная думка - выкарыстаць сiлу прыцягнення. Вялiзныя валуны, занадта вялiкiя, каб iх можна было ўжыць, параскладалi на дне кар'ера. Жывёлы абвязвалi iх вяроўкамi, i тады ўсе разам, каровы, конi, авечкi - усе, хто мог учапiцца за вяроўку, у крытычныя моманты да iх далучалiся нават свiннi - цягнулi ўгору з безнадзейнай павольнасцю да самага краю кар'ера, адтуль iх спiхалi, i яны разбiвалiся ўнiзе на кавалкi. Перавозiць бiтае каменне было параўнаўча лёгка. Конi цягнулi яго на вазах, авечкi валаклi асобныя кавалкi, нават Мюрыэль i Бэнджамiн упрэглiся ў лёгкую двухколку i везлi сваю долю. Пад канец лета сабралася дастатковая колькасць камення, i тады пад наглядам свiнняў пачалося будаўнiцтва.

Гэта была марудная i цяжкая праца. Часта бывала, што цэлы дзень iшоў на тое, каб нязмернымi намаганнямi зацягнуць адзiны валун на край кар'ера, i часам, калi яго спiхвалi ўнiз, ён не разбiваўся. Нiчога нельга было б зрабiць, калi б не Баксёр, чыя сiла, здавалася, была роўная сiле ўсiх астатнiх жывёлаў разам узятых. Калi валун слiзгаў унiз i жывёлы, якiх цягнула за iм з гары, пачыналi крычаць ад роспачы, Баксёр заўсёды напружваўся i спыняў валун. Нельга было глядзець без захаплення, як ён, з цяжкасцю адольваючы кожную цалю, узыходзiў на гару, як дыханне яго пачашчалася, як ён чапляўся за зямлю вострымi краямi падкоў, як ягоныя бакi макрэлi ад поту. Канюшынка часам папярэджвала яго, каб ён бярогся i не перясiльваўся, але Баксёр нiколi яе не слухаў. Два ягоныя дэвiзы "Я буду працаваць яшчэ старанней" i "Напалеон заўсёды кажа праўду" здавалiся яму вычарпальным адказам на ўсе пытаннi. Ён дамовiўся з пеўнiкам, каб той будзiў яго ранiцай не на паўгадзiны, а на тры чвэрцi гадзiны раней. А ў свае вольныя хвiлiны, якiх цяпер ужо выпадала небагата, ён звычайна iшоў адзiн да кар'ера, набiраў бiтага камення i без чужой дапамогi цягнуў яго да месца, дзе меўся стаяць вятрак.

Усё гэтае лета жывёлы былi няблага забяспечаныя, нягледзячы на цяжкую працу. Калi ў iх было i не болей ежы, чым у часы Джоўнза, дык, прынамсi, i не меней. Перавага ў тым, што яны кармiлi цяпер толькi самiх сябе, а не мусiлi ўтрымлiваць яшчэ пяць марнатраўных чалавечых iстотаў, была такая вялiкая, што кампенсавала шматлiкiя нягоды. Да таго ж, шмат у чым метады працы жывёлаў былi больш эканомныя i эфектыўныя. Такая праца, як, напрыклад, праполка, магла быць зроблена з стараннасцю, недасяжнай для чалавека. Зноў жа, як нiхто з жывёлаў цяпер не краў, дык не было патрэбы аддзяляць выган ад ворнай зямлi, што ашчаджала шмат працы на ўтрыманне агароджаў i веснiчак. Тым не меней з наблiжэннем восенi пачала адчувацца непрадбачаная нястача розных неабходных рэчаў. Былi вельмi патрэбныя газа, цвiкi, вяроўкi, сухары сабакам i жалеза на падковы - i ўсё гэта не выраблялася на ферме. Пазней павiнны былi спатрэбiцца таксама насенне i штучныя ўгнаеннi, розныя iнструменты i, нарэшце, абсталяванне для ветрака. Дзе гэта ўсё ўзяць, нiхто не мог сабе ўявiць.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*