Братья Гримм - Казкi (на белорусском языке)
Папялушка паслухалася iх, але заплакала: ёй таксама вельмi хацелася пайсцi патанцаваць; яна пачала прасiцца ў мачахi, каб тая пусцiла i яе.
- Ты ж, Папялушка, - сказала ёй мачаха, - уся ў попеле ды ў гразi, куды ж табе iсцi на банкет! У цябе ж нi сукенкi няма, нi туфляў, а ты хочаш яшчэ танцаваць.
Перастала Папялушка яе прасiць, а мачаха ёй i кажа:
- Вось высыпала я мiску сачавiцы ў попел. Калi збярэш за дзве гадзiны, тады можаш iсцi разам з сёстрамi.
Выйшла Папялушка чорным ходам у сад i сказала так:
- Вы, галубкi ручныя, вы, галубкi, птушкi паднебныя, ляцiце, дапамажыце мне сабраць сачавiцу.
Лепшыя калiўцы - у гаршчок,
Горшыя - у валлячок.
I прыляцелi да кухоннага акенца два белыя галубкi, а за iмi i галубка, i нарэшце пазляталiся ўсе птушачкi паднебныя, селi на попел. Схiлiлi галубкi свае галоўкi i пачалi кляваць: тук-тук-тук-тук, а за iмi i астатнiя таксама: тук-тук-тук-тук, i хутка сабралi ўсе зярняткi ў мiсачку.
Прынесла Папялушка мiсачку сваёй мачасе, радуецца, што яна дазволiць ёй пайсцi разам з сёстрамi на банкет, а тая i не думае яе пускаць.
- Не, Папялушка, у цябе ж няма сукенкi, ды i танцаваць ты не ўмееш, - там смяяцца будуць з цябе.
Заплакала Папялушка, а мачаха кажа:
- Вось калi выбераш мне з попелу за адну гадзiну дзве поўныя мiскi сачавiцы, тады можаш пайсцi разам з сёстрамi.
А сама падумала пра сябе: "Гэтага ёй ужо не зрабiць нiколi". Высыпала мачаха дзве мiскi сачавiцы ў попел, а дзяўчынка выйшла праз чорны ход у сад i сказала так:
- Вы, галубкi ручныя, вы, галубкi, птушкi паднебныя, ляцiце, дапамажыце мне сабраць сачавiцу!
Лепшыя калiўцы - у гаршчок,
Горшыя - у валлячок.
I прыляцелi да кухоннага акенца два белыя галубкi, а за iмi i галубка, i нарэшце пазляталiся ўсе птушкi паднебныя, селi на попел. Схiлiлi галубкi галоўкi i пачалi кляваць: тук-тук-тук-тук, а за iмi i астатнiя таксама: тук-тук-тук-тук, i хутка сабралi ўсе зярняткi ў мiсачку.
Прынесла Папялушка сачавiцу мачасе, радуецца, што яна дазволiць ёй пайсцi разам з сёстрамi на банкет, а тая i не думае яе пускаць.
- Нiшто табе не дапаможа, не пойдзеш ты разам з сёстрамi: i сукенкi ў цябе няма, ды i танцаваць ты не ўмееш. Нам будзе за цябе толькi сорамна.
Павярнулася яна спiной да Папялушкi i пайшла са сваiмi дзвюма дочкамi на банкет.
А Папялушка, счакаўшы трохi, накiравалася да магiлы сваёй мацi пад арэхавае дрэўца. Прыйшла i просiць:
- Дрэўца, дрэўца, варухнiся-атрасiся,
Майго твару срэбрам-золатам кранiся.
I скiнула ёй птушка залатую i срэбную сукенкi, аздобленыя шоўкам ды срэбрам туфлiкi. Надзела яна сукенку i неўзабаве з'явiлася на агледзiны.
А зводныя сёстры i мачаха, нiчога не ведаючы, падумалi, што гэта нейкая чужая каралева, такая прыгожая, з'явiлася. Iм i ў галаву не прыходзiла, што гэта Папялушка. Яны думалi, што сядзiць тая дома ў гразi i выбiрае з попелу сачавiцу.
Вось выйшаў ёй насустрач каралевiч, узяў яе за рукi i пачаў танцаваць. I не хацеў ён танцаваць нi з якой другой дзяўчынай. I калi хто падыходзiў запрасiць яе на танец, ён гаварыў:
- Я з ёй танцую.
Танцавала яна да самага вечара i хацела ўжо дамоў вяртацца, а каралевiч ёй кажа:
- Я пайду цябе праводзiць. - Яму хацелася даведацца, чыя гэта дачка-прыгажуня; але яна ад яго ўцякла i ўзлезла на галубятню.
Дачакаўся каралевiч, калi прыйшоў яго бацька, i кажа яму, што невядомая прыгожая дзяўчына ўзлезла на галубятню. Стары падумаў: "А цi не Папялушка гэта?" - i загадаў прынесцi сякеру i багор, каб разбурыць галубятню. Але там нiкога не было.
Вярнулiся бацькi дамоў - бачаць: ляжыць Папялушка ў сваёй зрэбнай кашулi ў попеле, i гарыць ля печкi масленая лямпачка. А справа была так: Папялушка хутка выскачыла з другога боку галубятнi i пабегла да арэхавага дрэўца. Там яна зняла сваю прыгожую сукенку i паклала яе на магiлу; занесла яе птушка назад, i надзела Папялушка зноў сваю шэрую кашулю i села на кухнi ў кучу попелу.
На другi дзень, калi банкет працягваўся i бацькi ды зводныя сёстры пайшлi зноў з дому, накiравалася Папялушка да арэхавага дрэва i сказала так:
- Дрэўца, дрэўца, варухнiся-атрасiся,
Майго твару срэбрам-золатам кранiся.
I скiнула ёй птушка яшчэ больш пышную сукенку. I калi з'явiлася яна ў гэтай сукенцы на банкет, кожны любаваўся, гледзячы на яе прыгажосць. Каралевiч чакаў яе. Тут жа ўзяў яе за рукi i танцаваў толькi з ёю. Калi да яе падыходзiлi iншыя i запрашалi на танец, ён казаў:
- Я з ёй танцую.
Вось надышоў вечар, i яна сабралася iсцi, i пайшоў каралевiч услед за ёй, каб паглядзець, у якi дом яна зойдзе. Але яна пабегла ў сад, якi знаходзiўся за домам. I расло ў гэтым садзе вялiкае прыгожае дрэва, i вiселi на iм цудоўныя грушы. Яна iмгненна ўзлезла на яго, а каралевiч i не заўважыў, куды яна знiкла. Пачаў ён яе чакаць, i калi прыйшоў бацька, каралевiч сказаў яму: "Ад мяне збегла невядомая дзяўчына. Мне здаецца, што яна ўзлезла на грушу".
Бацька падумаў: "А цi не Папялушка гэта?" - i загадаў прынесцi сякеру i ссеч дрэва. Але там нiкога не было. Прыйшлi яны на кухню, бачаць: ляжыць Папялушка, як i ў мiнулы раз, у попеле. Нiхто не заўважыў, як яна саскочыла з другога боку дрэва i аддала птушцы сваю цудоўную сукенку i надзела шэрую зрэбную кашулю.
На трэцi дзень, калi бацькi i зводныя сёстры пайшлi на банкет, выправiлася Папялушка зноў на магiлу да мацi i сказала дрэўцу:
- Дрэўца, дрэўца, варухнiся-атрасiся,
Майго твару срэбрам-золатам кранiся.
I скiнула ёй птушка сукенку, такую блiскучую i цудоўную, якой нi ў кога яшчэ не было; а туфлiкi былi з чыстага золата.
Вось прыйшла яна на банкет у гэтай сукенцы, i нiхто не ведаў, здзiўлены, што i казаць. Каралевiч танцаваў толькi з ёй, а калi хто яе запрашаў, ён казаў:
- Я з ёй танцую.
Вось надышоў вечар, i сабралася Папялушка iсцi дамоў; i хацелася каралевiчу яе праводзiць, але яна так лоўка ўвiльнула, што ён нават гэтага не заўважыў. Але пайшоў каралевiч на хiтрасць: ён загадаў абмазаць усю лесвiцу смалой; i калi яна ад яго ўцякала, дык туфлiк з яе левай нагi застаўся на адной з прыступак. Каралевiч падняў туфлiк, i быў ён такi маленькi i прыгожы! I ўвесь з чыстага золата.
Наступнай ранiцай пайшоў каралевiч з тым туфлiкам да бацькi Папялушкi i кажа:
- Маёй жонкай будзе толькi тая, да чыёй нагi падыдзе гэты туфлiк.
Абрадавалiся абедзве сястры - ногi iх былi вельмi прыгожыя. Старэйшая пайшла ў пакой, каб прымераць туфлiк, i мацi была з ёю. Але нiяк не магла яна ўздзець туфлiк на нагу: перашкаджаў вялiкi палец. Тады мацi падала ёй нож i кажа:
- А ты адсячы вялiкi палец; калi станеш каралевай, усё роўна пешшу хадзiць табе не прыйдзецца.
Адсекла дзяўчына палец, абула з цяжкасцю туфлiк, сцяла вусны ад болю i выйшла да каралевiча. Узяў ён яе ў нявесты, пасадзiў на каня i паехаў.
I трэба было iм ехаць каля магiлы. А сядзелi там на арэхавым дрэўцы два галубкi, i заспявалi яны:
- Ты прыгледзься - чаравiк
Ды ўвесь жа ў крывi,
Чаравiчак, бачна, цесны,
Зачакалася нявеста.
Паглядзеў каралевiч на яе нагу, бачыць: кроў цячэ. Павярнуў ён назад каня, прывёз самазваную нявесту дамоў i сказаў, што гэта нявеста несапраўдная, няхай, маўляў, абуе туфлiк другая сястра.
Пайшла тая ў пакой, пачала прымяраць туфлiк, а той не лезе: пятка аказалася занадта вялiкая. Тады мацi падала ёй нож i кажа:
- А ты адсячы кавалак пяткi: калi будзеш каралевай, пешшу табе ўсё роўна хадзiць не прыйдзецца.
Адсекла дзяўчына кавалак пяткi, з цяжкасцю ўсунула нагу ў туфлiк, сцяла вусны ад болю i выйшла да каралевiча. Узяў ён яе сабе ў нявесты, пасадзiў на каня i паехаў.
Ехалi яны каля арэхавага дрэўца. Там сядзелi два галубкi, убачылi iх i заспявалi:
- Ты прыгледзься - чаравiк
Ды ўвесь жа ў крывi,
Чаравiчак, бачна, цесны,
Зачакалася нявеста.
Глянуў ён на яе нагу, бачыць: кроў цячэ з туфлiка, i белыя панчохi ўсе чырвоныя ад крывi. Павярнуў ён каня i прывёз самазваную нявесту назад у яе дом.
- I гэта таксама несапраўдная, - сказаў ён, - цi няма ў вас яшчэ дачкi?
- Ды вось, - сказаў бацька, - ад жонкi-нябожчыцы маленькая няцямлiвая Папялушка, - дык куды ёй там быць нявестай!
Але каралевiч папрасiў, каб яе прывялi да яго; а мачаха кажа:
- Ды не, яна такая брудная, яе нельга нiкому на вочы паказваць.
Але каралевiч захацеў абавязкова яе ўбачыць; i давялося прывесцi да яго Папялушку. Памыла яна рукi i твар, i ён падаў ёй залаты туфлiк. Села яна на лаўку, зняла з нагi свой цяжкi драўляны чаравiк i лёгка абула туфлiк. Прыйшоўся ён ёй у самы раз. Вось устала яна, паглядзеў каралевiч ёй у твар i пазнаў тую самую прыгажуню, з якой танцаваў, i ўсклiкнуў:
- Вось гэта i ёсць сапраўдная мая нявеста!
Спалохалася мачаха, а з ёй i зводныя сёстры, пабялелi ад страху i злосцi; а каралевiч узяў Папялушку, пасадзiў на каня i паскакаў з ёй.
Калi ехалi яны каля арэхавага дрэўца, пачулi двух белых галубкоў:
- Ты прыгледзься - чаравiк,
Але ў iм няма крывi.
Чаравiк, вiдаць, не цесны,
Вось яна - твая нявеста!
Галубкi гэта вымавiлi, адразу зляцелi з дрэва i паселi на плечы Папялушцы: адзiн на правае плячо, другi - на левае. Так i засталiся там сядзець.