KnigaRead.com/

Братья Гримм - Казкi (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Братья Гримм, "Казкi (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Але караблiк не патануў, а спакойна паплыў сабе далей, i сядзеў у iм юнак у поўнай бяспецы; i плыў караблiк доўга-доўга, пакуль, нарэшце не прыстаў да невядомага берага. Выйшаў юнак на бераг, бачыць - стаiць перад iм цудоўны палац, i ён пайшоў прама да таго палаца. Але толькi пераступiў парог, бачыць, што палац той зачараваны. Абышоў юнак усе пакоi, а яны пустыя; зазiрнуў ён тады ў апошнi пакой, а там ляжыць на падлозе ды звiваецца гадзюка. А была гадзюка зачараванай дзяўчынай; убачыла яго, узрадавалася ды кажа:

- Ты з'явiўся, мой збавiцель? Я чакала цябе, зачакалася ажно дванаццаць гадоў. Гэта каралеўства зачараванае, i ты павiнен з яго чары зняць.

- А як жа мне гэта зрабiць? - пытае ён.

- Сёння ноччу з'явяцца дванаццаць чорных чалавечкаў, усе яны абвешаны ланцугамi; яны пачнуць цябе распытваць, што ты робiш тут, але ты маўчы, нi слова не кажы, не адказвай iм, як бы яны над табой не здзеквалiся б. Яны будуць цябе мучаць, бiць, а ты цярпi, нiчога не кажы; апоўначы яны павiнны пакiнуць палац. У наступную ноч з'явяцца iншыя дванаццаць чалавечкаў, на трэцюю ноч - дваццаць чатыры, i адсякуць яны табе галаву; але апоўначы iх улада скончыцца, i калi ты вытрымаеш i не прамовiш нiводнага слова, то ўздзеянне чараў на мяне спынiцца. Я прыйду да цябе i прынясу з сабой бутэлечку з жывой вадой. Папырскаю на цябе вадзiцай, i ты зноў ажывеш, будзеш здаровы, як раней. I ён сказаў ёй:

- Я з радасцю цябе вызвалю.

I вось здарылася ўсё так, як яна казала; чорныя чалавечкi не змаглi прымусiць яго загаварыць, i на наступную ноч зрабiлася гадзюка цудоўнай каралевай; яна з'явiлася з жывою вадою, ажывiла хлапца. Кiнулася яна да яго на шыю, пачала цалаваць яго, было радасна i весела ва ўсiм палацы. Адгулялi вяселле, i ён зрабiўся каралём Залатой гары. I вось зажылi яны разам у шчасцi i дастатку, i нарадзiла каралева цудоўнага хлопчыка. Мiнулi ўжо гады i ўспомнiў кароль свайго бацьку; зашчымiла ў яго на сэрцы i захацелася яму наведаць бацькоўскi дом. Але каралева не захацела яго адпускаць, сказала:

- Я загадзя ведаю, што гэта прынясе мне гора.

Аднак ён не супакоiўся да тае пары, пакуль яна не згадзiлася з iм. Дала яму на развiтанне каралева пярсцёнак ды сказала:

- Вазьмi гэты пярсцёнак, надзень яго на палец, i ён умомант перанясе цябе туды, куды ты захочаш; але паабяцай мне, што ты не выкарыстаеш пярсцёнак для таго, каб забраць мяне да бацькi твайго.

Ён паабяцаў ён гэта, надзеў пярсцёнак на палец i пажадаў перанесцiся на радзiму, да горада, дзе жыў яго бацька. I ў адно iмгненне вока апынуўся там, i захацелася яму трапiць у сам горад. Падышоў ён да варотаў, але ахова не хацела яго пускаць, бо апрануты ён быў у дзiўнае, хоць i багатае, адзенне. Тады хлапец падняўся на гару, дзе пастух пасвiў статак, памяняўся з iм адзеннем, апрануў старую пастухоўскую куртку, i нiхто ў варотах на гэты раз яго не затрымаў, i ён прайшоў у горад. Вось завiтаў да бацькi i аб'явiў, хто ён такi; але бацька нiяк не мог паверыць, што гэта яго родны сын, i сказаў:

- Хоць быў у мяне сын, але ён даўно памёр. Бачу я, ты бедны, занядбаны пастух, магу цябе накармiць удосталь.

Тады гаворыць пастух сваiм бацьку-мацi:

- Я сапраўды ваш сын. Можа, вы ведаеце, якую метку на маiм целе, па якой маглi б мяне пазнаць?

- Ведаю, - кажа мацi, - была ў нашага сына пад правым плячом чырвоная радзiмка.

Ён расшпiлiў кашулю, i яны ўбачылi ў яго пад правым плячом чырвоную радзiмку i перасталi тады сумнявацца, што ён сапраўды iх родны сын. Пасля сын прызнаўся iм, што ён цяпер - кароль Залатой гары, а жонка ў яго - каралева i што ёсць у iх вельмi цудоўны хлопчык-сынок.

А бацька на такiя словы кажа:

- Я нiколi табе не паверу! Якi ж славуты кароль будзе хадзiць у пастухоўскай вопратцы?

Тут раззлаваўся сын, забыўся пра абяцанне, якое даваў жонцы, пакруцiў вакол пальца пярсцёнак i пажадаў, каб жонка з дзiцем тут жа з'явiлiся да яго; i адразу яны з'явiлiся тут. Але каралева пачала плакаць, бедаваць, сказала, што ён не стрымаў свайго слова, зрабiў iх няшчаснымi.

Ён адказаў ёй:

- Зрабiў я гэта незнарок, я проста забыўся пра нашу дамову, - i пачаў яе суцяшаць усяляк.

Яна зрабiла выгляд, што даравала яму, а сама ў душы затаiла злосць.

Тады ён павёў яе за горад, у поле, i паказаў тую раку, па якой калiсьцi бацька выправiў яго ў падарожжа, паказаў, а тады кажа:

- Вельмi я стамiўся, давай сядзем на зямлю, i я крыху пасплю ў цябе на каленях. - Паклаў ён жонцы галаву на каленi, i яна пачала гладзiць яго па валасах, гладзiла пакуль ён не заснуў. А калi заснуў, каралева зняла з яго пальца пярсцёнак, пасля асцярожна вызвалiла з-пад галавы нагу, але застаўся пад бокам караля чаравiчак каралевы; пасля ўзяла яна на рукi дзiцёнка i сказала пярсцёнку, што хоча вярнуцца ў сваё каралеўства.

Прачнуўся хлапец, бачыць, што ляжыць на беразе адзiн, нi жонкi, нi сына няма i пярсцёнка на пальцы таксама няма, а яму застаўся толькi жончын чаравiчак.

"Вяртацца да бацькоў я не магу, - падумаў ён, - бо яны скажуць, што я варажбiт нейкi; трэба мне як можна хутчэй iсцi адсюль, iсцi да таго часу, пакуль не вярнуся ў сваё каралеўства".

Ён пайшоў i нарэшце дабраўся да гары; а ля той гары стаяць тры велiканы ды гучна спрачаюцца мiж сабой, як справядлiва падзялiць бацькоўскую спадчыну. Убачылi яны, што iдзе паблiзу хлапец, спынiлi яго ды кажуць:

- Маленькiя людзi кемлiвыя; падзялi мiж намi бацькаву спадчыну. А спадчына гэта складаецца, па-першае, з шаблi, - у каго ў руках будзе яна i хто скажа: "Усе галовы з плеч далоў, акрамя маёй адной!" - то ўмомант пападаюць усе галовы на зямлю; падругое, з накiдкi, - хто ўскiне яе на плечы, той адразу зробiцца невiдзiмкай; i, па-трэцяе, з пары ботаў, - хто тыя боты абуе i захоча некуды трапiць, то ўмомант апынецца там.

Тады юнак кажа велiканам:

- А вы пакажыце мне тыя рэчы, праверу, цi спраўныя яны?

Далi яму накiдку, накiнуў ён яе на плечы - адразу невiдзiмкай зрабiўся, ператварыўся ў муху. Пасля зноў набыў ранейшы выгляд ды кажа велiканам:

- Накiдка добрая, а цяпер давайце мне шаблю. А яны ў адказ:

- Не, шаблю мы табе не дамо! Бо як скажаш: "Усе галовы з плеч далоў, акрамя маёй адной!", то паляцяць нашы галовы з плеч, а застанецца галава толькi ў цябе.

Але, урэшце, далi шаблю, атрымаўшы перш абяцанне, што ён праверыць яе сiлу на дрэве. Гэтак ён i зрабiў, i шабля рассекла дрэва, быццам тую саломiнку.

Захацелася яму праверыць боты, але велiканы кажуць:

- Не, ботаў табе не дамо; бо калi ты iх абуеш i захочаш трапiць на вяршыню гары, мы застанемся тут знiзу, i ў нас нiчога з дзяльбой не выйдзе.

- Я гэтак не зраблю, - кажа хлапец.

Тады яны аддалi боты. I вось апынулiся ў яго ўсе тры рэчы са спадчыны, а ён увесь гэты час думаў пра жонку i сына, таму, задуманы, прамовiў: "Вось бы трапiць на Залатую гару!" - i ўмомант на вачах велiканаў знiк; так была падзелена тая спадчына.

Быў ужо юнак паблiзу палаца; чуе радасныя воклiкi, музыку, а людзi падказваюць яму, што гэта ягоная жонка спраўляе вяселле з iншым чалавекам. Раззлаваўся хлапец ды кажа злосна:

- Хлуслiвая жанчына вакол пальца мяне абвяла. - I ахiнуўся накiдкай, i нябачна ўвайшоў у палац.

Ступiў у залу, а пасярод яе стаiць вялiкi стол, а на стале тым багата розных страваў; госцi ядуць, п'юць, смяюцца, жартуюць. А каралева сядзiць мiж iмi, уся ў прыгожым адзеннi, раскашуе на каралеўскiм троне, а на галаве ў яе золатам зiхацiць карона. Хлапец наблiзiўся да яе, стаў за плячыма, i нiхто яго не бачыць. Калi каралеве клалi на талерку кавалачак мяса, ён працягваў нябачную руку, браў мяса i з'ядаў сам; налiвалi ёй вiна, ён падхоплiваў шклянку i выпiваў; ёй увесь час падкладалi яду, а яна заставалася галодная - i талерка, i шклянка бясследна знiкалi. Яна таму вельмi засмуцiлася, зрабiлася ёй сорамна, тады яна паднялася i пайшла да сябе ў пакой i там заплакала, а ён таксама следам за ёй пайшоў. Скрозь слёзы каралева мовiла:

- Цi не зноў нячысцiк мной завалодаў, няўжо мяне ад яго не выратавалi?

Тады ён грозна спытаў у яе:

- Хiба нiколi да цябе не прыходзiў выратавальнiк? Дык ён i цяпер з табой побач, хлуслiўка!

Ён скiнуў накiдку, адразу зрабiўся бачным, адчынiў дзверы, зайшоў у залу i там гучна абвясцiў:

- Канец балю! Сапраўдны кароль вярнуўся!

Каралi, князi, саветнiкi, якiя за сталом балявалi, пачалi смяяцца, паказваць на яго пальцамi; тады ён грозна мовiў:

- Вы пакiнеце залу цi не?

Яны спачатку намерылiся схапiць яго, нават з-за стала павыходзiлi, але ён выхапiў шаблю i сказаў:

- Усе галовы з плеч далоў, акрамя маёй адной!

I пакацiлiся ўсе галовы на зямлю, i ён застаўся адзiным гаспадаром палаца ды зноў зрабiўся каралём Залатой гары.

СНЯГУРАЧКА

Гэта было ў сярэдзiне зiмы. Падалi сняжынкi, быццам пух з неба, i сядзела каралева ля акна, - рама яго была з чорнага дрэва, - i каралева шыла. Калi яна шыла, заглядзелася на снег i ўкалола iголкай палец, - i ўпалi тры кроплi крывi на снег. I чырвонае на белым снезе выглядала так прыгожа, што падумала яна сама сабе: "Вось, калi б нарадзiлася ў мяне дзiця, белае, як гэты снег, i румянае, як кроў, i чорнавалосае, як дрэва на аконнай раме!"

I нарадзiла каралева неўзабаве дачку, i была яна белая, як снег, румяная, як кроў, i такая чорнавалосая, як чорнае дрэва, - i празвалi яе таму Снягурачкай. А калi дзiця нарадзiлася, каралева памерла.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*