Астрид Линдгрен - Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке)
Джанатан не адказаў, толькi папярэдзiў, што нам неабходна будзе схаваць коней, каб яны не сышлi ў горы.
Мы завялi iх у глыбокую цяснiну - пад самай гарой Катлы i пакiнулi iх там разам са збруяй. Джанатан пагладзiў Грыма, сказаў яму:
- Пачакай тут, мы толькi сходзiм у разведку...
Усё гэта мне не вельмi падабалася, бо не хацелася разлучацца з Ф'яларам, але iншага выйсця не было.
Мы даволi доўга падымалiся на ўзвышша, i, нарэшце, калi паднялiся, я адчуў сябе вельмi стомленым. Джанатан заўважыў гэта i сказаў, што можна крыху адпачыць, i я першы кiнуўся на зямлю. Мы ляжалi на вяршынi гары, над намi распасцерлася вялiзнае неба, а якраз над намi была пячора Катлы. I дзiўна было думаць, што недзе ў гэтай гары, дзесьцi пад намi, ёсць жахлiвая пячора з усiмi пераходамi i закуткамi, дзе пакутавала i гiнула столькi людзей. А тут, пад сонцам, лёталi матылькi, паўсюдна раслi кветкi i трава - было дзiўна, што кветкi i трава растуць на покрыве пячоры Катлы.
Я задумаўся - колькi ж людзей загiнула ў гэтай пячоры? Цi жывы яшчэ Орвар? Я запытаўся пра гэта ў Джанатана, але ён не адказаў. Ён ляжаў, угледзеўшыся ў неба, i думаў пра штосьцi сваё. Нарэшце ён загаварыў:
- Калi праўда, што Катла спала ў гэтай пячоры, то як жа яна выйшла, калi прачнулася? Медныя вароты былi тут i раней, Тэнджыл заўсёды выкарыстоўваў пячору Катлы як турму.
- I калi Катла спала тут? - не паверыў я.
- Так, i калi Катла спала тут, - пацвердзiў Джанатан. - I нiхто не ведаў пра гэта.
Мяне ажно скаланула. Я не мог уявiць нiчога горшага, як сядзець зачыненым у пячоры Катлы i бачыць дракона, якi поўзае вакол цябе.
Джанатан жа думаў пра iншае.
- Яна, вiдаць, выбралася iншым шляхам, - сказаў ён. - I я павiнен знайсцi той выхад, нават калi для гэтага спатрэбiцца год.
Мы не маглi больш заставацца тут, бо Джанатан быў такi няўрымслiвы. Мы накiравалiся да пячоры Катлы. Мы ўжо маглi бачыць раку пад намi i Наджыялу па той бок яе - о, як бы мне хацелася быць там!
- Паглядзi, Джанатан, - усклiкнуў я. - Вунь тое дрэва, дзе мы купалiся, вунь там, на тым баку ракi.
Але Джанатан зрабiў мне знак памаўчаць, баючыся, што хто-небудзь пачуе нас, бо мы былi ўжо дастаткова блiзка да мэты. Гара Катлы заканчвалася крутой стромай, i пад намi былi медныя вароты ў пячору, якiх мы адсюль не бачылi.
Але мы заўважылi вартавых - трох салдат Тэнджыла. Мне дастаткова было ўбачыць iх чорныя шаломы, каб сэрца маё закалацiлася.
Паўзком мы дабралiся да краю стромы, каб паглядзець на iх зверху. Калi б яны здагадалiся паглядзець угору, дык маглi б заўважыць нас, але цяжка было знайсцi больш дурную варту, бо салдаты нiкуды не глядзелi, а проста гулялi ў косцi, нi пра што не клапоцячыся. Хаця якi вораг мог прабрацца праз медныя вароты? А раз так, то навошта iх ахоўваць?
Раптам мы ўбачылi, што вароты адчынiлiся, хтосьцi выйшаў з пячоры - яшчэ адзiн ахоўнiк. Ён вынес пустую мiску з-пад ежы, паклаў яе на зямлю. Вароты за iм зачынiлiся, i мы пачулi, як шчоўкнулi засаўкi.
- Ну вось, мы гэтую свiнню накармiлi апошнi раз, - пачулi мы словы ахоўнiка.
Астатнiя ахоўнiкi засмяялiся, i адзiн з iх пытаецца:
- Цi сказаў ты яму, што сёння асаблiвы дзень - апошнi дзень яго жыцця? Спадзяюся, ты нагадаў, што Катла чакае яго ўвечары, як толькi сцямнее?
- Так, я ўсё сказаў яму. I ведаеце, што ён адказаў? "Ну, нарэшце..." Потым папрасiў, каб яму дазволiлi паслаць запiску ў Далiну Дзiкай Ружы. I ведаеш, што ў ёй? "Орвар можа памерцi, але свабода нiколi!"
- Ого, - азваўся другi вартавы. - Ён можа сказаць гэта сёння вечарам Катле i паслухаць, што яна адкажа на гэта.
Я паглядзеў на Джанатана - ён збялеў.
- Хадзем, - сказаў ён. - Нам трэба ўцякаць адсюль.
Мы адпаўзлi ад краю стромы хутка i непрыкметна, а калi апынулiся па-за полем зроку салдат, то пабеглi. Увесь зваротны шлях мы беглi без перадыху, пакуль не дабралiся да Грыма i Ф'ялара.
Мы сядзелi ў цяснiне каля коней i не ведалi, што рабiць. Джанатан быў зусiм разгублены. Я пакутаваў - чым яго супакоiць? Яму вельмi было шкада Орвара, разлiчваў, што зможа выбавiць яго, а цяпер ён ужо не спадзяваўся на гэта.
- Орвар, сябра мой, якога я нiколi не бачыў, - са смуткам загаварыў ён. Сёння ты памрэш, а што будзе з зялёнымi далiнамi Наджыялы?
Мы падсiлкавалiся хлебам, якiм падзялiлiся з Грымам i Ф'яларам. Канечне, я з задавальненнбм выпiў бы некалькi глыткоў казiнага малака, у нас яго яшчэ было крыху.
- Не цяпер, Сухарык, - перапынiў мяне Джанатан. - Сёння, як сцямнее, я аддам табе ўсё да апошняй кроплi, але не раней.
Ён яшчэ доўга сядзеў нерухома.
- Гэта будзе ўсё роўна, што шукаць iголку ў стозе сена, - сказаў ён нарэшце, - але мы павiнны паспрабаваць.
- Паспрабаваць - што? - не зразумеў я.
- Знайсцi выхад, праз якi выйшла Катла. - Было вiдаць, што i сам ён не вельмi верыў у поспех. - Калi б у нас быў наперадзе год, - разважаў ён, - тады б мы знайшлi, а ў нас толькi адзiн дзень.
Пакуль ён гэтак гаварыў, адбылося штосьцi дзiўнае. У вузкай цяснiне, дзе мы сядзелi, расло некалькi кустоў, i з-за аднаго з iх раптам выскачыла напалоханая лiсiца, прамчалася каля нас i знiкла, перш чым мы разгледзелi яе.
- Адкуль, чорт бы яе ўзяў, яна магла выскачыць? - здзiвiўся Джанатан. - Я павiнен высветлiць.
Ён знiк за кустамi. Я застаўся адзiн, чакаю. Джанатана так доўга не было, што я пачаў ужо непакоiцца.
- Джанатан, дзе ты? - гукнуў я, не вытрымаўшы.
I зусiм рэальна пачуў адказ. Голас яго быў узбуджаны.
- Як ты мяркуеш, адкуль з'явiлася лiсiца? З самой гары! Ты ўяўляеш, Сухарык, з гары Катлы! Тут ёсць невялiкая пячора.
Магчыма, у сагах усё было вядома загадзя. Магчыма, Джанатан быў названы выратавальнiкам Орвара ў iмя Далiны Дзiкай Ружы. Магчыма, iснавалi нейкiя таемныя сiлы ў сагах, якiя накiроўвалi нас, i мы пра гэта нават не здагадвалiся. Бо ў iншым выпадку як бы мог Джанатан знайсцi ўваход у пячору Катлы менавiта там, дзе мы пакiнулi сваiх коней? Гэта было вельмi дзiўна, як i тое, што з усiх дамоў у Далiне Дзiкай Ружы я выбраў дом Мацiяса, а не якi-небудзь iншы.
Джанатан знайшоў-такi выйсце, якiм Катла выбралася з пячоры. З пячоры быў ход у глыбiню гары - не вельмi шырокi, але дастаткова прасторны, каб галодная драконiха магла па iм прапаўзцi, як лiчыў Джанатан, калi яна прачнулася пасля тысячагадовай спячкi i высветлiла, што яе звычайны шлях зачынены меднымi варотамi.
Для нас гэты праход быў дастаткова свабодны. Я ўглядаўся ў цемру. Колькi спячых драконаў можа быць там, у глыбiнi? А як прачнецца каторы, калi незнарок наткнуцца ды наступiць? Вось пра што я думаў.
Я адчуў Джанатанавы рукi на сваiх плячах.
- Сухарык, - сказаў ён, - я не ведаю, што чакае нас там, у цемры, але я iду туды зараз жа.
- I я з табой, - усклiкнуў я, не пазнаючы свайго голасу.
Джанатан ласкава патузаў мяне за шчаку, як ён гэта звычайна рабiў.
- Ты ўпэўнены, што табе не хочацца пачакаць мяне тут, з коньмi?
- Хiба я не казаў табе, што я пайду з табой усюды? - пакрыўдзiўся я.
- Але, ты гэта казаў, - згадзiўся Джанатан з радасцю.
- Бо я заўсёды хачу быць з табой, - дадаў я. - Нават у падземным царстве.
Пячора Катлы i была падземным царствам. Прабiрацца гэтым падземным ходам было ўсё роўна, што прабiрацца пеклам, гэта было як жахлiвы сон, ад якога ты нiяк не можаш прачнуцца, гэта было як пераход ад сонечнага святла ў вечную ноч.
Уся пячора Катлы была нiчым iншым, як апусцелым гняздом дракона, што патыхала злавеснасцю яшчэ тых даўнiх часоў. Без сумнення тысячы яек драконаў былi выведзены менавiта тут, i жорсткiя драконы выпаўзалi зграямi, каб знiшчаць усё на сваiм шляху.
Па задуме Тэнджыла, менавiта старое гняздо дракона было самым прыдатным месцам для турмы. Я скаланаўся пры думцы, што адбывалася з людзьмi, якiя траплялi сюды.
Здавалася, паветра напоўнена жорсткасцю, з усiх куткоў пячоры мне чулiся стогны i крыкi, праклёны i слёзы, тут панавалi смерць i пакуты, - усё гэта бачыла пячора Катлы за час уладарання Тэнджыла. Я хацеў запытацца ў Джанатана, цi чуе ён гэтыя стогны, але наўрад цi ён чуў, таму што мне ўсё гэта, мабыць, проста ўяўлялася.
- Ну вось, Сухарык, мы з табою на такой прагулцы, якую ты нiколi не забудзеш, - парушыў маўчанне Джанатан.
I гэта была праўда. Мы павiнны былi прайсцi падземнымi хадамi ўсю гару, дабрацца з другога боку да самой турмы, дзе быў зняволены Орвар за меднымi варотамi. Гэта была тая самая пячора, якую людзi называлi пячорай Катлы, бо нiякай iншай пячоры яны проста не ведалi. Мы нават не ўяўлялi сабе, цi здолеем мы дабрацца да таго падзямелля. Але ведалi, што шлях будзе вельмi доўгi - мы ўжо прайшлi яго на паверхнi гары, i нам будзе ў сем разоў цяжэй прарабiць гэты шлях тут, унiзе, па гэтых мудрагелiстых, як петлi, пераходах, асвятляючы свой шлях толькi паходнямi.
Страшна было бачыць асветленыя паходнямi сцены пячоры. Полымя выхоплiвала толькi маленькую частачку той вялiзнай цемры, якая акружала нас, i ўсё па-за святлом здавалася пагрозлiвым. "Хто ведае, - думаў я, - можа, у гэтых цёмных пячорах ляжаць драконы, змеi i страшыдлы i чакаюць нас". Было боязна, што мы згубiм дарогу. Але Джанатан рабiў адзнакi сажай ад паходнi, каб мы маглi знайсцi дарогу назад.