Жорж Сименон - Раманiст (на белорусском языке)
Аднак Калет казала мне:
- Галоўнае, нiякай лiтаратуры!
I казала праўду.
Проста распавядаць гiсторыi, з самага пачатку, са стараннасцю чырванадрэўшчыка, якi працуе за варштатам. I няважна, цi здарыцца цуд, цi не, дадасца астатняе цi не дадасца. Я, некалi такi неўтаймаваны, раптам настолькi змiрнеў, што вырашыў расказваць свае гiсторыi сама простым людзям.
Аднае ранiцы я скупiў у кiёсках усе танныя народныя раманы, якiя мог знайсцi. Тады iх было безлiч, прычым усiх вiдаў. Раманы для краўчых, для машынiстак, неверагодныя драмы для брамнiц, гiсторыi на ружовай вадзiчцы для анемiчных паненак. Былi i прыгоднiцкiя раманы для хлопчыкаў - пра iндзейцаў, буканьераў, пiратаў, разбойнiкаў з вялiкае дарогi i джэнтльменаў-рабаўнiкоў. Я адкрыў сапраўдную iндустрыю, якая выпускала велiзарную колькасць дакладна вызначанай цi, як мы сказалi б цяпер, стандартызаванай прадукцыi - ад кнiжачкi ў некалькi старонак за дваццаць пяць сантымаў да таўшчэзнага, надрукаванага дробненькiм шрыфтам на шурпатай паперы народнага рамана за франк дзевяноста пяць.
Я навучыўся вырабляць усе вiды гэтае прадукцыi, пачынаючы са сцiплага танюткага раманчыка, якi краўчыха суне сабе ў сумку, каб потым пралiваць над iм слёзы, i канчаючы чуллiвай гiсторыяй, якая паўгода друкуецца на апошняй старонцы тыднёвiка. I цяпер я зусiм не саромеюся. Наадварот. Прызнаюся вам, што гэты перыяд свайго жыцця я ўспамiнаю з сама вялiкай пяшчотаю, калi не з журбою. Безумоўна, тады я не надта ганарыўся сваiмi творамi, якiя падпiсваў шаснаццаццю псеўданiмамi. I, каб не вельмi ўжо апускаць галаву, мне прыходзiлася часта паўтараць сабе, што Бальзак дый многiя iншыя пiсьменнiкi дэбютавалi гэтаксама. Сцiпласць прыходзiць да чалавека з узростам, i гэта, несумненна, цудоўна.
Я быў гэтакi дробны рамеснiк, вырабляльнiк, так бы мовiць. I, як такi, кожны тыдзень прыходзiў па заказы да буйных прадпрымальнiкаў - выдаўцоў народных раманаў. I, як кожны рамеснiк, пачаў з адлiку сабекошту ў залежнасцi ад гадзiннай выпрацоўкi.
"Значыцца, - прыкiдваў я, - працуючы па восем гадзiн, я магу друкаваць па восемдзесят старонак у дзень. Iнакш кажучы, тры днi на прыгоднiцкi раман у дзесяць тысяч радкоў* за пятнаццаць тысяч франкаў цi шэсць дзён на раман пра каханне ў дваццаць тысяч радкоў за тры тысячы франкаў..."
* Тут пiсьменнiк, канечне, мае на ўвазе нейкiя iншыя, а не нашыя звыклыя кнiжныя або машынапiсныя старонкi. 10 000 радкоў - гэта сама болей 37 старонак такой кнiгi, якую вы цяпер чытаеце. Найлепшая машынiстка наўрад цi зможа механiчна перадрукаваць за дзень 80 старонак чыстага "сiменонаўскага" тэксту. (Заўв. перакладнiка.)
I я выстройваў свой бюджэт. За столькi вось тысяч радкоў у год, iнакш кажучы, за столькi вось гадзiн працы, я меў мажлiвасць набыць аўтамабiль. За столькi вось мог дазволiць займець шафёра, якi будзе развозiць мае рукапiсы. А пачынаючы з вось столькiх - гэта ўжо яхта, якую мне страшэнна хацелася мець, гэта плаваннi, адкрыты мне цалкам свет.
Але гэта толькi адзiн бок праблемы. Разумееце, я хацеў жыць. Але не дзеля сябе, не праз звычайную прагу жыцця, а таму, што ўсвядомiў: iншаму чалавеку можа быць перададзена з дапамогаю лiтаратуры толькi тое, што я перажыву сам. Мне трэба было зведаць свет ва ўсiх ягоных аблiччах, па гарызанталi, iнакш кажучы, на ўсiм ягоным працягу: убачыць краiны i народы, мясцiны i звычаi, але адначасна зведаць гэты свет i па вертыкалi, iнакш кажучы, трапiць у сама розныя слаi грамадства, быць сваiм i ў маленькiм бiстро, куды ходзяць рыбакi, i на кiрмашы сярод гандляроў худобаю, i ў салоне ў банкiра.
Дарэчы, пра банкiраў. Дазвольце мне нагадаць адно маё выказванне магчыма, наiўнае - таго часу:
"У маiх кнiгах не будзе банкiраў да тае пары, пакуль я не з'ем з адным з iх за сняданкам яйка ўсмятку".
Жыць, i, паўтараю, жыць напружана.
Жыць, каб потым прыдумваць жыццё.
Жыць, каб расказваць гiсторыi.
Сумуючы па тым часе, я згадваю сваю кватэру на Вагезскай плошчы ў Парыжы, якая некалi называлася Каралеўскаю; на ёй жылi кардынал Рышэлье i панi дэ Сэвiнье*.
* Сэвiнье Мары дэ Рабютэн-Шанталь, маркiза (1626-1696) - французская пiсьменнiца, майстар эпiсталярнай прозы.
Успамiны мае пераважна зiмовыя, бо ўвесну я ўцякаў з Парыжа куды-небудзь на прыроду цi на мора. У чатыры гадзiны ранiцы я ўжо быў на нагах. Не забывайцеся: за дзень я павiнен быў адстукаць свае восемдзесят старонак рукапiсу!
Патрэбны прыгоднiцкi раман? Я наўздагад разгортваў Энцыклапедыю Ларуса. Вось велiзарны, амаль невядомы трохкутнiк Афрыкi... I амаль у самым ягоным цэнтры раён Вялiкiх вадаспадаў... Готэнтоты... Пiгмеi... Невядомыя раслiны, назвы якiх падобныя на песню: напрыклад, калi я не памыляюся, Welchirshia Mirabelis - i ўжо гэтая раслiна проста павiнна быць чымсьцi зусiм незвычайным. Я ўжо бачыў раман... Ён будзе называцца "Мiсцюкi Вялiкiх вадаспадаў", бо я iмгненна ўяўляю сабе, як корпаюцца, нiбыта мурашкi, у неўладкаваным, зусiм яшчэ першабытным сваiм свеце пiгмеi ростам з дзiця. Я жыву ў фантастычным свеце, i кнiжак менавiта пра гэты фантастычны свет патрабуюць маленькiя i нават не вельмi маленькiя дзецi. I вось, седзячы спiнаю да агню ў доме на пышнай Вагезскай плошчы, якая з'яўляецца шэдэўрам архiтэктуры ХVII стагоддзя, я пражыву тры днi ў афрыканскiх джунглях, буду сустракацца з iльвамi, са статкамi сланоў i буйвалаў, з гарыламi i грымучымi змеямi!
Я расказваю гiсторыi, расказваю iх самому сабе. Разумееце? Калi заўтра мяне пацягне ў Азiю, я напiшу "Таямнiцу ламаў" цi "Шы Мацзiн, ахвярнiк", а потым перабяруся ў Цiхi акiян, пабываю ўсюды, куды дазволiць мне забрацца Лярус, дайду ажно да вашай краiны, дзе перажыву ў сваiх уяўленнях змрочную гiсторыю "Вока Юты", а трохi пазней яшчэ адну - у стылi Ракамболя* "Чыкагскiя гангстэры"; там будуць i высачэзнейшыя гмахi, i аўтаматныя перастрэлкi.
* Ракамболь - галоўны персанаж многiх твораў французскага пiсьменнiка П.А.Пансон дзю Тэрайля (1829-1871). Былы гарсон парыжскай кавярнi, Ракамболь цаною неверагодных прыгод пракладвае сабе шлях у вышэйшы свет.
Я вучуся расказваць i расказваю, мажлiва, няўмела - абмежаванай групе чытачоў, якая не жадае, каб парушалi яе звычкi. Кожны тыдзень новы раман, i кожны раз ён адрасаваны новаму чытачу: сёння пятнаццацiгадовым хлапчукам цi сентыментальным жанчынам, заўтра аматарам вострых адчуванняў цi экзотыкi. Так, не сыходзячы з месца, я аб'ехаў увесь свет. I клянуся вам, свет гэты быў цудоўны. Ён жа быў несапраўдны - складзены з кубiкаў, прызначаных чытачам, якiя не жадаюць расчароўвацца.
Час ад часу дзе-небудзь усярэдзiне раздзела, у дыялогу цi апiсаннi, я спрабаваў практыкавацца, для самога сябе, у больш тонкiм пiсьме, гэтаксама як iграюць гамы, i нiхто анiводнага разу не выявiў гэтых фальшывых нот у маiх народных раманах. Я вучыўся сумленна, цярплiва i адначасна пачынаў жыць.
Праз год у мяне ўжо быў аўтамабiль з шафёрам. Яшчэ праз год - яхта, i цяпер ужо прадукцыю сваёй серыйнай вытворчасцi я пасылаў лiтаратурным падрадчыкам з галандскiх, дацкiх, нарвежскiх цi гiшпанскiх портаў.
I тут мне хочацца зрабiць вам адно прызнанне. Не пакiдаючы Вагезскай плошчы, я з дапамогаю энцыклапедый i атласа аб'ездзiў увесь свет. Але аднойчы - я гэта i цяпер памятаю - я прыехаў у Марсель, каб сесцi там на карабель i адправiцца ў Афрыку. Я накiроўваўся ў той самы раён Вялiкiх вадаспадаў, якi з такiм iмпэтам апiсваў. Але калi едзеш у Афрыку, патрэбны трапiчны шлем. I вось я зайшоў у краму капялюшнiка на вулiцы Сэн-Фэрэоль. Гаспадар пачаў прымяраць мне шлемы.
Цi заўважалi вы, што найбольш недарэчна пачувае сябе мужчына (у адрозненне ад жанчыны!), калi перад цьмяным экранам люстра прымервае новы капялюш? Я стаяў у гарадскiм гарнiтуры са шлемам на галаве, а прадавец запэўнiваў мяне:
- Усё роўна якраз як для вас. Менавiта тое, што вам трэба ў Цэнтральнай Афрыцы.
Дык вось, таго дня я зразумеў, што з прыдуманымi народнымi раманамi скончана. Гледзячы на сваё вартае жалю адлюстраванне, я адчуў, што збочыў за новы мыс, можа, сама небяспечны з усiх, што назаўжды развiтаўся з мараю дзеля рэальнасцi, з юнацкай наiўнасцю дзеля трывог i страхаў дарослага мужчыны. Гэты першы мой трапiчны шлем стаў па сутнасцi маiм пашпартам, пропускам у сапраўднае жыццё. I калi б люстэркi мелi памяць, калi б iх кожны тыдзень не мылi, гэтае магло б вярнуць мне аблiчча маладога чалавека, якi да таго гуляў са светам, а цяпер нарэшце ўступаў у яго.
Выгляд у мяне быў досыць напалоханы. Я спрабаваў усмiхнуцца, i ўсмешка мая павiнна была перадаваць упэўненасць, але вусны крывiлiся ад боязi заплакаць, ад чалавечага страху перад рэальнасцю. Згадайце, што так проста i з такiм прадбачаннем казала мне Калет:
- Галоўнае, нiякай лiтаратуры!
Ну што ж! Цесныя кантакты з людзьмi, падарожжы, нават сама мая прафесiя расказчыка гiсторый, якую я пачаў асвойваць, напаўнялi мяне палкiм жаданнем памерацца нарэшце не з надуманымi драмамi, а з рэальнасцю; тады я яшчэ не смеў казаць - з Жыццём.
Змiранасць прыйшла з узростам. Мне было амаль трыццаць, i Жыццё ўяўлялася мне гэтакай свецкай паненкаю, да якой я не смеў падступiцца з налёту. Вось чаму я прыйшоў аднойчы да Феяра, выдаўца большасцi маiх народных раманаў, i сказаў: